Ілья Ісакаў, Павел Муха і Глеб Карпенка служаць у адным падраздзяленні 77-га асобнага маставога чыгуначнага батальёна 30-й асобнай чыгуначнай брыгады, трэцяя частка тэрміну ўжо прайшла. Адказныя, дысцыплінаваныя вайскоўцы, якія паспяхова спраўляюцца з задачамі, адзначаюць камандзіры.
Ілья Ісакаў скончыў Маяцкую сярэднюю школу, у Слуцкім дзяржаўным каледжы атрымаў спецыяльнсць электраманцёра. А падчас армейскай службы спасцігае азы цяслярскай справы: займаецца вырабам канструкцый і пралётных збудаванняў з дрэва, іншых драўляных рэчаў, усяго, што неабходна для ўзвядзення мастоў, што спатрэбіцца ў гаспадарцы часці.
Навучыцца новаму рамяству было нескладана, гаворыць Ілья. Служба цікавая, падабраўся добры калектыў. Цяжкавата было спачатку, дзеліцца ён, распарадак дня, новыя людзі, нязвыклыя задачы. Дапамаглі зносіны паміж навабранцамі, знайшлося нямала агульных тэм. Вядома, дадому хочацца, але ўжо цяпер Ілья задумваецца пра тое, каб працягнуць службу па кантракце.
– Быць абаронцам Айчыны, надзейным, добра падрыхтаваным, моцным фізічна, немагчыма без службы ў арміі, – гаворыць ён. – Юнакі становяцца больш арганізаванымі, дужымі, загартаванымі, адным словам, гатовымі пры неабходнасці быць апорай для сваіх родных, для краіны.
Случчанін Павел Муха армейскі вадзіцель. Пасля заканчэння СШ №13 паступіў у Мінскі механіка-тэхналагічны каледж, а затым у Беларускі нацыянальны тэхналагічны ўніверсітэт завочна. Да прызыву ў армію ўжо асвоіў як вадзіцель катэгорыю В, ад камісарыята вучыўся на катэгорыю С, а ўжо на службе дадаў яшчэ дзве – D і E. Цяпер Павел працуе на самазвале-дзесяцітонніку. А пасля службы плануе завяршыць вучобу, каб дапамагаць бацькам на іх прыватным прадпрыемстве.
– Вядома, як і ўсім навабранцам, у пачатку службы было цяжка прывыкнуць да новага распарадку, правілаў, неабходных абмежаванняў, выконваць загады, быць у падначаленні – не ўсім гэта падабаецца, ды і характары ў нас розныя, – расказвае Павел. – Але з часам прывыкаеш, прыходзіць разуменне неаходнасці парадку і дысцыпліны, усё становіцца на свае месцы. Нічога страшнага.
Вечарам салдаты рыхтуюцца да наступнага дня, прыводзяць у парадак форму. У адведзены час маюць магчымасць карыстацца мабільнікамі. І ў першую чаргу звоняць дадому, бацькам, у адзін голас гавораць мае субяседнікі, каб расказаць, што ўсё добра, яны накормлены і ніхто іх не крыўдзіць. У абедзенны вольны час можна наведаць бібліятэку.
Глеб Карпенка прыбыў на службу ў Слуцк з Гродна. Па адукацыі ён муляр-абліцоўшчык, атрымаў і ваенна-ўліковую спецыяльнасць мантажніка, збірае хуткаўзводзімыя масты і пераправы. Прафесія муляра-абліцоўшчыка таксама бывае патрэбная пры выкананні армейскіх задач. Напрыклад, Глеб дапамагае на будаўніцтве клуба на тэрыторыі часці і іншых работах.
Адаптацыя да новых умоў прайшла, гаворыць ён, без праблем, ніякіх цяжкасцей не ўзнікла.
– Дарэмна кажуць, што армія – гэта змарнаваны час, – разважае Глеб. – Мы тут набываем новыя веды, шмат чаму вучымся. Падчас службы пераацэньваеш многае ў жыцці, па-іншаму расстаўляеш прыярытэты, разумееш, што бацькі, сям’я, дом – самае важнае, вольны час вучышся выкарыстоўваць рацыянальна.
Пасля службы, вядома, у кожнага з маіх суразмоўцаў свае планы, а пакуль самая важная задача – стаць дасведчанымі вайскоўцамі.
Ірына ШЧАРБОВІЧ.