У лютым у Салігорскім раёне прайшло першынство Мінскай вобласці па турысцка-прыкладным мнагабор’і ў тэхніцы лыжнага турызму.
На працягу двух дзён спаборнічалі 14 каманд Мінскай вобласці, у тым ліку і Слуцкага раёна.
У першы дзень удзельнікі першынства змагаліся ў асабістым заліку на доўгай каманднай дыстанцыі, якая складалася з сямі этапаў. Спартсменам давялося пераадолець ўздым, слаламны спуск, навясную пераправу і іншыя віды перашкод. Навучэнцы Слуцкага цэнтра турызму ў агульным заліку былі другімі.
У другі дзень спаборніцтваў каманда Слуцкага раёна ў складзе Лізаветы Барцэвіч (СШ №6), Анастасіі Гаршковай (СШ №4), Ільі Кандрацені (Лучнікоўская СШ) і Івана Кандрацені (МАКВ) змагалася за перамогу на такіх этапах, як «транспарціроўка пацярпелага», «завал», «траверс схілу, лазанне», «паралельныя поручні». Упэўнена прайшоўшы ўсю дыстанцыю, каманда Слуцкага раёна стала першай, пераадолеўшы ўсе этапы без штрафаў.
Па выніках спаборніцтваў наша каманда пад кіраўніцтвам трэнера Аляксея Васільевіча Нядзелькі заняла другое месца ў першынстве вобласці.
Ірына ВЕЧАР.