У чарговай дамашняй гульні 27 жніўня «Слуцк» здабыў нялёгкую перамогу з мінімальнай перавагай – 1:0.
У матчы 19 тура Беларусбанк – чэмпіянату па футболе з мінскім «Лучом» не раз гучалі трывожныя ноты для нашай каманды. «Луч» пачаў даволі рэзва і стварыў не адзін момант каля варот Барыса Панкратава, які, дарэчы, быў надзейным. Сталічныя футбалісты былі настойлівымі і актыўнымі, нашы гульцы таксама імкнуліся забіць, але атрымлівалася не вельмі. Першы тайм быў безгалявым, хаця магчымасці адкрыць лік былі ў абедзвюх каманд.
У другім тайме «Слуцк» пастараўся і такі ўзяў вароты «Луча»: наш шыкоўны Шыкаўка забіў свой дзясяты гол з перадачы Секу Думбія, Яўгеній зноў на першым радку табліцы бамбардзіраў чэмпіянату. Апошні адрэзак матчу «Луч» проста наваліўся на вароты нашай каманды, нават варатар Шэліхаў перамяшчаўся да штрафной «Слуцка». Вытрымалі, здабылі 3 ачкі і вярнуліся на 5 месца.
- Лідары па InStat-індэксе – Барыс Панкратаў, Яўгеній Шыкаўка, Дзяніс Образаў, Секу Думбія, Конан Ауіе.
Асістэнт галоўнага трэнера СФК «Слуцк» Аляксандр Кончыц:
– Адразу хочацца сказаць – хлопцы вялікія малайцы, за гэтую гульню ім вялікая павага. І ў першым тайме былі небяспечныя моманты, але заўсёды не хапала апошняга ўдару, майстэрства завяршэння. У другой палове хлопцы пачалі атакаваць больш небяспечна па флангах, што і вылілася ў забіты мяч. Яўген Шыкаўка выдатна рэалізаваў свой момант. Дзякуй за самааддачу ў канцы сустрэчы – хлопцы выклаліся на поўную. Вельмі прыемна, што ў мой дзень нараджэння каманда падарыла мне не гальштук, а тры набраныя ачкі.
У наступным матчы 2 верасня «Слуцк» прымае грознага саперніка – БАТЭ. Гульня пачнецца ў 17.00 на «Гарадскім». Падтрымаем каманду роднага горада! За Слуцк і «Слуцк», разам!
Больш фота па ссылцы: https://vk.com/public103016094?z=album-103016094_255012175
Ірына ВЕЧАР.