Разам з калегамі з рэспубліканскіх і некаторых міждзяржаўных СМІ  журналіст «Слуцкага краю» прыняла ўдзел у прэстуры ў ААТ «Слуцкі мясакамбінат», арганізаваным Беларускай гандлёва-прамысловай палатай.


У пацвярджэнне – некалькі лічбаў

Наведванне аднаго з галоўных бюджэтаўтваральных прадпрыемстваў Случчыны парадавала: у дзейнасці камбіната адчувальныя зрухі, нарошчаны аб’ёмы вытворчасці і продажу прадукцыі, наладжана стабільная, сістэмная работа калектыву. У пацвярджэнне – некалькі лічбаў: за дзесяць месяцаў гэтага года тэмп росту вытворчасці прадукцыі Слуцкага мясакамбіната ў супастаўных цэнах у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года склаў 161,4%, загрузка магутнасцей па вытворчасці мяса – 84,7% (за 2017 год – 62,8%), у тры разы павялічылі экспарт прадукцыі, істотна вырасла прадукцыйнасць працы і заработная плата работнікаў. Што асабліва важна, адчувальна палепшылася фінансавае становішча прадпрыемства, дарэчы, выручка ад рэалізацыі прадукцыі за дзесяць месяцаў гэтага года ўжо пераўзышла ўзровень 2017 года. Камбінат працуе пад заказы гандлёвых і іншых арганізацый, запасы гатовай прадукцыі на ўзроўні ўстаноўленых нарматываў.

На пытанне, як за год удалося вывесці прадпрыемства, можна сказаць, з крызіснай сітуацыі, генеральны дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства «Слуцкі мясакамбінат» Андрэй Іосіфавіч Міхалькевіч адказвае:

– Да рашэння пастаўленай задачы падыходзілі комплексна. Гэта і лагістыка, і кадравыя пытанні, і дысцыпліна, і матывацыя людзей да высокапрадукцыйнай работы. Асаблівыя намаганні былі накіраваны на больш цеснае партнёрскае ўзаемадзеянне з пастаўшчыкамі сыравіны.

Нагадаю, што сыравінная зона Слуцкага мясакамбіната – шэраг сельскагаспадарчых арганізацый Слуцкага, Салігорскага, Старадарожскага, Клецкага, Капыльскага, Любанскага, Нясвіжскага раёнаў, гэта асноўныя пастаўшчыкі ялавічыны. Патрэбу ў свініне камбінат задавальняе  за кошт двух уласных свінагадоўчых комплексаў (42 тысячы галоў). У структуры ААТ «Слуцкі мясакамбінат» два сельскагаспадарчыя філіялы на тэрыторыі раёна, дзе гадуюць і буйную рагатую жывёлу.


Экспарт: у Расію, Кітай і не толькі
2018 год для Слуцкага мясакамбіната паспяховы ў плане развіцця экспартных адносін. Пра гэта расказаў генеральны дырэктар прадпрыемства А.І. Міхалькевіч падчас сустрэчы з журналістамі. Асноўным экспарцёрам прадукцыі Слуцкага мясакамбіната па-ранейшаму з’яўляецца Расійская  Федэрацыя, аднак геаграфія і асартымент  экспартных паставак у Расію пашыраецца. Як падкрэсліў Андрэй Іосіфавіч, усё болей запатрабаваны расіянамі паўфабрыкаты (кускавая ялавічына абвалаваная абжылаваная без косткі ў вакуумнай упакоўцы). Павялічаны аб’ёмы паставак на расійскі рынак вэнджаных каўбас і іншых мясных вырабаў. Акрамя пастаянных пакупнікоў у Маскве, Санкт-Пецярбургу, у гэтым годзе з’явіліся і новыя – у цэнтральным рэгіёне, на поўдні Расійскай Федэрацыі: Слуцкі мясакамбінат адгружае прадукцыю ў Растоў, Варонеж, Краснадар, іншыя гарады.
Расіяне хуткімі тэмпамі развіваюць сваю жывёлагадоўлю, таму абмяжоўвацца экспартнымі пастаўкамі ў Расію, на думку генеральнага дырэктара, не варта. Слуцкія мясаперапрацоўшчыкі шукаюць рынкі збыту ў іншых краінах і зна ходзяць. Наш мясакамбінат экспартуе прадукцыю ў Казахстан, Узбекістан, іншыя краіны постсавецкай прасторы, у хуткім часе плануюць пачаць яе адгрузку ў Арменію.
– У рамках заключанага пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Слуцкім раёнам і горадам Увэй Кітайскай Народнай Рэспублікі дасягнута дамоўленасць аб экспарце ў Кітай прадукцыі нашага прадпрыемства, – падзяліўся Андрэй Іосіфавіч. – Слуцкі мясакамбінат ужо наведалі спецыялісты  з горада Увэй, абмеркавалі тэхналагічныя магчымасці вытворчасці прадукцыі «халяль», якую плануем пастаўляць  у кітайскую правінцыю ў наступным годзе. У гэтым рэгіёне Кітая пражывае шмат мусульман, таму мясная прадукцыя «халяль» там асабліва запатрабавана. Транспарціроўку прадукцыі плануем ажыццяўляць па чыгунцы па новым шаўковым шляху, гэта эканамічны варыянт. Ёсць пэўныя напрацоўкі і па  экспарце прадукцыі ў Егіпет, іншыя краіны далёкага замежжа.

Якасць у прыярытэце
«Заваёўваць» новыя рынкі  і пакупнікоў даводзіцца ў жорсткай канкурэнцыі сярод вытворцаў. Галоўная «зброя» – якасць і асартымент прадукцыі. Больш за 200 яе найменняў цяпер выпускаюць на Слуцкім мясакамбінаце: вараныя каўбасы, сасіскі, варана-вэнджаныя, паўвэнджаныя, сыравэнджаныя каўбасы, прадукты са свініны і ялавічыны, паўфабрыкаты, пельмені, мясныя кансервы… Усё і не пералічыць. Лінейкі прадукцыі пастаянна абнаўляюцца, папаўняцца, у гэтым не трэба пераконваць случчан і іншых пакупнікоў у Беларусі, Расіі, Слуцкі мясакамбінат сапраўды радуе разнастайным асартыментам, як гаворыцца, на любы густ і кашалёк. Ды высокая якасць прадукцыі годна ацэнена пакупнікамі і спецыялістамі ў Беларусі і за мяжой. У прыватнасці, у гэтым годзе на конкурсе «Лучший продукт-2018» у рамках міжнароднай выставы «Продэкспо» ў Маскве за прадукт з ялавічыны сыравэнджаны «Европейский с черносливом» камбінат адзначаны залатым медалём і дыпломам лаўрэата, у народным конкурсе-дэгустацыі «Чемпион вкуса» на міжнароднай выставе-кірмашы «Продэкспо-2018» у Мінску прадпрыемства ўдастоена дыплома фіналіста за каўбасу «Сервелат финский» варана-вэнджаны вышэйшага гатунку. Як падкрэсліў Андрэй Іосіфавіч Міхалькевіч, гэта не адзіныя ўзнагароды камбіната на прэстыжных міжнародных выставах і конкурсах, у якіх рэгулярна ўдзельнічае прадпрыемства. 
Камбінат мае шэраг сертыфікатаў адпаведнасці СТБ, СТБ ІSО. Яшчэ адно важнае пацвярджэнне высокай якасці вырабаў  прадпрыемства – дэклараванне экспартнай прадукцыі: адпаведнасць міжнародным стандартам вызначаецца ў лабараторных умовах не толькі беларускімі, але і замежнымі спецыялістамі, у тым ліку пры адпраўцы прадукцыі ў Расійскую Федэрацыю – у незалежнай лабараторыі экспертызы і ацэнкі ў Бранску.
Рэалізацыя прадукцыі на айчынным рынку праводзіцца ў тым ліку праз сетку фірменнага гандлю мясакамбіната (магазіны ў Слуцку, Нясвіжы, Салігорску, Жыткавічах, Глуску).

Мадэрнізацыя
Падчас наведвання прадпрыемства яшчэ раз пераканалася: на камбінаце магутнае высокатэхналагічнае абсталяванне. Як паведамілі спецыялісты прадпрыемства, ідэальна працуюць адрамантаваныя халадзільныя камеры, мяса па неабходнасці там захоўваюць замарожаным або ахалоджаным. У рабоце аўтаматычная італьянская лінія па вытворчасці пельменяў «Daminioni». Сучаснае абсталяванне ў каўбасным цэху: вакуумныя куттэры, лёдагенератары, вакуумныя шпрыцы, аўтаматычныя кліпсатары і іншае. Бесперабойна працуюць камеры вэнджання на драўніннай стружцы, загружаны аўтаматычныя лініі вакуумнай упакоўкі прадукцыі…
– Канечне, мы нацэлены на мадэрнізацыю, развіццё вытворчасці – адзначае Андрэй Іосіфавіч Міхалькевіч. – Без гэтага нельга разлічваць на далейшае павышэнне якасці, пашырэнне асартыменту, зніжэнне энергазатрат, а значыць, і сабекошту прадукцыі. У тым ліку ў бліжэйшай перспектыве плануем устанавіць абсталяванне па вытворчасці сасісак, сардэлек у натуральнай абалонцы, зараз гэта вельмі папулярны ў Еўропе прадукт. Плануем таксама далейшае ўкараненне абсталявання вакуумнай упакоўкі.

Чалавечы фактар
На Слуцкім мясакамбінаце цяпер працуюць больш за 1 000 чалавек. Як падкрэсліў Андрэй Іосіфавіч, прадпрыемства папоўнілася маладымі кадрамі, працуе актыўная каманда, шмат вопытных высакакласных спецыялістаў і рабочых. Дысцыплінаванасць – няўхільная ўмова працы на гэтым прадпрыемстве, падтрымліваецца ініцыятыўнасць працаўнікоў, творчы падыход да справы. Акрамя годнай заработнай платы работнікі камбіната штомесяц атрымліваюць бясплатныя наборы прадукцыі свайго прадпрыемства, маюць іншыя бонусы, у тым ліку грунтоўны сацыяльны пакет. На камбінаце клапоцяцца пра актыўны адпачынак працаўнікоў, прыцягваюць да заняткаў спортам, культурнага жыцця.
– Карыстаючыся выпадкам, хачу павіншаваць работнікаў камбіната, нашых філіялаў, сельскагаспадарчых арганізацый, з якімі мы працуем,  нашых дзелавых партнёраў з Днём работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, – звярнуўся Андрэй Іосіфавіч. – Здароўя, дабрабыту, сямейнага шчасця, новых поспехаў, дарагія калегі!
Наталля СЕЛЯЗНЁВА.

Уважаемые работники агропромышленного комплекса, ветераны отрасли!
Примите искренние поздравления с профессиональным праздником – Днем работников сельского хозяйства и перерабатывающей промышленности!
Благодаря вашим стараниям повышается благосостояние страны и людей. Благодарим вас за добросовестный труд! Пусть ваша работа всегда будет оценена по достоинству, все ваши планы осуществляются, а мечты сбываются. Счастья, благополучия, достатка вашим семьям.
С уважением 
администрация и профком 
ОАО «Слуцкий мясокомбинат».

Похожие записи