150-годдзе ААТ «Слуцкі воцатны завод» – знакавая падзея ў жыцці і гісторыі Случчыны. Гэта прадпрыемства з адмысловым летапісам, традыцыямі, значнымі дасягненнямі, з’яўляецца адным з вядучых вытворцаў спіртавога харчовага натуральнага воцату ў Беларусі і на постсавецкай прасторы.

– Наш завод мае доўгую і слаўную гісторыю: ад вінакурнай мануфактуры, дзе выраблялі бульбянае віно, – да сучаснага прадпрыемства – ААТ «Слуцкі воцатны завод», – расказвае Аляксандр Рыбак, які аддана кіруе заводам больш за 30 гадоў. – У «гістарычных» памяшканнях прадпрыемства – сучаснае тэхналагічнае абсталяванне, што дазваляе выпускаць прадукцыю самай высокай якасці. Спецыялісты завода распрацавалі і ўкаранілі тэхналогію вытворчасці воцату сусветных стандартаў. Гэта абсалютна натуральны прадукт, воцат вырабляецца па тэхналогіі з «удзелам» букавых стружак, так званы «прымацаваны метад». Выпускаем яблычны, часночны, кропны, бальзамічны і іншыя віды воцату з дабаўленнем натуральных спецый у ПЭТ-бутэльках. Вытворчыя магутнасці дазваляюць вырабляць штогод больш за 400 тысяч дэкалітраў воцату.

Нялёгкія перыяды адраджэння, мадэрнізацыі завода пасля ліхіх 90-тых давялося перажыць кіраўніку і калектыву прадпрыемства. За вопытам Аляксандр Валянцінавіч ездзіў на аналагічныя заводы ў Чэхію, потым прыступілі да рэканструкцыі свайго роднага прадпрыемства.

– Толькі калі гады перманентнага крызісу засталіся ў мінулым, я, напэўна, упершыню адчуў задавальненне, усвядоміў, што недарма жыву і працую, – гаворыць дырэктар. – Прадпрыемства прыбытковае, стабільнае, а гэта азначае, што ў нас ёсць сродкі і на далейшае развіццё, і на падтрыманне годнай заработнай платы, высокіх сацыяльных стандартаў для работнікаў. Выпуск прадукцыі за апошнія пяць гадоў вырас амаль у два разы, выручка ад продажу павялічылася ўтрая. Павысілася і рэнтабельнасць продажаў: калі ў 2020 годзе яна складала 4,3%, то апошнія чатыры гады пераўзыходзіць 20%. Наш натуральны воцат ведае кожная гаспадыня Беларусі, а таксама пакупнікі Расіі, Грузіі, іншых краін. 70% айчыннага попыту на воцат задавольвае менавіта наша прадпрыемства. Слуцкі воцат не раз адзначаны рэспубліканскімі, міжнароднымі ўзнагародамі. А гэта – вынік працы кожнага работніка завода.


На прадпрыемстве – высокапрафесійны калектыў, падкрэслівае Аляксандр Рыбак, а гэта 49 чалавек, здольных вырашыць самыя складаныя задачы.





– Цаню ў кожным з працаўнікоў адданасць справе, прыстойнасць і прынцыповасць. Мне, як кіраўніку, прыемна ведаць, што людзі, якія працуюць на заводзе, лічаць яго сваім домам і ставяцца да працы як да справы свайго жыцця. Тут, у вёсцы Покрашава, завод аб’ядноўвае людзей, дае не толькі працу, але і ўпэўненасць у будучыні. І гэта, як мне здаецца, галоўны вынік і маёй, і нашай агульнай работы, – гаворыць кіраўнік.
Важкі ўклад у станаўленне і развіццё прадпрыемства ўнеслі ветэраны працы: Т.А. Барчэўская, А.Я. Гурыновіч, С.Ф. Жукоўская, В.М. Зубовіч, В.І. Калода, В.К. Клішэвіч, А.Ц. Кобзева, Я.А. Кобзеў, Л.В. Лешчанка, М.С. Лешчанка, В.А. Матвяйчук, Н.С. Мяцельская, Г.А. Пацкевіч, А.В. Пуцята, В.У. Пятровіч, Г.М. Рыбак, Т.М. Федаровіч, І.У. Філіповіч, І.Л. Хацько, Г.А. Шчарбіцкая, Н.А. Шчарбіцкая, Г.М. Юруц і іншыя.
З цеплынёй і ўдзячнасцю дырэктар адзначае плённую работу галоўнага тэхнолага завода Ж.М. Шчарбіцкай,галоўнага бухгалтара Н.Л. Лешчанка, начальніка аддзела збыту Т.М. Марціновіч, эканаміста па забеспячэнні А.М. Крата, мікрабіёлага Т.М. Дарафеевай, інжынера па тэхніцы бяспекі Л.В. Рыбака і іншых спецыялістаў, старшыні прафкама Т.В. Пазняк.
– Цяжка вызначыць лепшых, кожны з нашых завадчан працуе з максімальнай аддачай, – адзначае дырэктар. – Апаратчыкі па выпрацоўцы воцату, аператары лініі разліву, работнікі кацельні, вадзіцелі, слесары-рамонтнікі… Гэта старанныя, бясконца адданыя прадпрыемству людзі. Многія з іх працуюць тут не адзін дзясятак гадоў, напрыклад, як былы лабарант, цяпер кладаўшчык Алена Ежыкаўна Гладкая, механік Міхаіл Альфонавіч Лабковіч, аператар па купажыраванні і выпрацоўцы воцату Наталля Канстанцінаўна Цішкевіч. Нізкі паклон усім нашым працаўнікам!
Дарэчы, на Слуцкім воцатным заводзе клопат пра чалавека – прыярытэтная задача, падкрэслівае Аляксандр Рыбак. Забяспечаны важкі сацыяльны пакет, акрамя грашовых выплат завадчане атрымліваюць і значную дапамогу натуральнымі прадуктамі. Дзесяць дамоў у Покрашаве пабудаваны для працаўнікоў за кошт прадпрыемства з прыцягненнем дзяржаўнага крэдыту. Завод аказвае дапамогу тэхнікай у апрацоўцы прысядзібных участкаў работнікаў. На прадпрыемстве клапоцяцца і пра адпачынак працаўнікоў, па экскурсійных маршрутах яны аб’ехалі амаль усю Беларусь: Нясвіж, Мір, Баранавічы, Мінск. Наведваюць сталічныя цырк, дэльфінарый і аквапарк, разнастайныя канцэрты.


Як падкрэсліў старшыня Покрашаўскага сельвыканкама Іван Гарбацэвіч, асобна хочацца адзначыць вялікі ўклад дырэктара, калектыву завода ў добраўпарадкаванне, азеляненне вёскі Покрашава, якой сёлета 490 гадоў з дня ўтварэння.


Бясспрэчна, дасягнутыя вынікі Слуцкага воцатнага завода ў немалой ступені заслуга Аляксандра Рыбака – таленавітага, мэтанакіраванага кіраўніка і чалавека, шчыра адданага роднаму краю.
– Шчаслівы той чалавек, якому выпала жыць і працаваць там, дзе нарадзіўся, дзе прайшло жыццё продкаў, – гаворыць Аляксандр Рыбак. – Да гэтай кагорты адношуся я і многія мае землякі. Мы ганарымся сваёй гісторыяй і кожны дзень працуем, каб пракласці шлях у будучыню, каб завод развіваўся і далей, каб у людзей было годнае жыццё, каб квітнела родная вёска. І мне вельмі хочацца, каб новыя пакаленні ставіліся да завода так, як мы, каб гэта цудоўная гісторыя мела свой працяг.
Падрыхтавала Наталля СЕЛЯЗНЁВА.