Вучань 11 класа сярэдняй школы №11 Ян Шляхаў (настаўнік Уладзімір Анатольевіч Жук) стаў пераможцам рэгіянальнага туру Imagine Cup 2018, аднаго з буйнейшых міжнародных конкурсаў сярод таленавітай моладзі. У ліпені Ян адправіцца ў Сіэтл (ЗША), дзе ў фінале Imagine Cup 2018 будзе змагацца за галоўны прыз.
На конкурсе Ян, а гэта каманда SlutskTeam, прадставіў свой удасканалены праект TheBestConsultant для больш эфектыўнай работы з кліентамі ў сферы абслугоўвання. Гэта спецыяльная праграма, якая падказвае кансультанту спосаб зносін з кліентам: ацэньваецца знешнасць патэнцыяльнага, напрыклад, пакупніка, і прадавец атрымлівае падказкі, як сябе паводзіць з ім, што прапанаваць, як размаўляць, каб кліент набыў тавар. Для гэтага патрэбны камеры відэаназірання, падключаныя да камп’ютара, або фотаздымак таго, для каго пакупнік збіраецца набыць тавар.
У аснове – псіхагеаметрычны тэст С’юзан Дэлінгер.
Гэта не першы конкурс, на якім Ян са сваім праектам атрымлівае ўзнагароду. На міжнароднай канферэнцыі маладых вучоных ICYS – The International Conference of Young Scientists 2018, якая прайшла ў Белградзе (Сербія) ў красавіку ён стаў уладальнікам бронзавага медаля (а гэта права паступлення ў профільную ВНУ без тэсціравання!) сярод удзельнікаў з 32 краін. 18 мая Ян удзельнічаў у міжнародным конкурсе стартап-праектаў «BizTech 2018» і стаў пераможцам у намінацыі «Сімпатыя спонсара». І былі яшчэ некалькі конкурсаў: Балтыйскі навукова-інжынерны ў Санкт-Пецярбургу, абласны і рэспубліканскі навукова-даследчых работ і іншыя.
Праект увесь час у рабоце. З’яўляюцца новыя ідэі, у тым ліку дзякуючы наведванню розных конкурсаў, расказвае Ян. Самае цікавае і карыснае, што даюць усе гэтыя навуковыя сустрэчы, – новыя знаёмствы і цікавыя ідэі, самаўдасканаленне, адзначае Ян. На Imagine Cup 2018, напрыклад, усе стасункі былі на англійскай мове (удзельнікі з 12 краін), і гэта вельмі дапамагло на абароне быць больш свабодным, лепш выказваць свае думкі.
І для Яна, і для Уладзіміра Анатольевіча перамога на Imagine Cup была нечаканай: конкурс студэнцкі, думалася проста пра новы вопыт, ну, можа, пра які-небудзь нязначны прыз.
– А тут такое, – усміхаецца Ян. – На сцэну я выбягаў такі шчаслівы.
Уладзімір Анатольевіч Жук адзначае вялікую працаздольнасць свайго вучня:
– Ян пастаянна займаецца любімай справай, і ў выхадныя, і на канікулах. Ён рашае задачы і разбірае тэмы на сайтах дыстанцыйнай падрыхтоўкі школьнікаў, на сайтах падрыхтоўкі студэнтаў і прафесійных праграмістаў. Ён удзельнічаў ва ўсіх алімпіядах і конкурсах у вобласці і рэспубліцы. На факультатыў ён ходзіць з 6 класа і ні разу не прапусціў заняткі. У папярэднія гады ён быў у цені Уладзіслава Гадалава. Але ж не здаваўся, працаваў, і вось вынік. Юнак абсалютна заслужыў свае перамогі і гэты фінал у Амерыцы. Колькі разоў ён перапрацоўваў праект, толькі нам з ім вядома.
Відавочна, што Уладзімір Анатольевіч ганарыцца дасягненнямі ўсіх сваіх вучняў, падчас размовы ён успамінае і тых, хто ўжо даўно скончыў школу, усе яны паспяховыя. І ён зноў рыхтуе таленавітую змену – у раённым конкурсе работ даследчага характару юныя інфарматыкі СШ №11 атрымалі дыпломы I і II ступеняў.
Дарэчы, пакуль мы размаўлялі, Ян зняў мяне на вэб-камеру і прадэманстраваў работу сваёй сістэмы – выдадзеныя праграмай рэкамендацыі падышлі. Увогуле, адно задавальненне слухаць захопленых сваёй справай людзей.
30 мая слуцкі талент Ян Шляхаў прыме ўдзел у рэспубліканскім свяце для выпускнікоў. А цяпер усе думкі Яна ўжо пра выступленне ў Амерыцы, вось там сапраўды будзе складана, вельмі моцная канкурэнцыя. Ён ужо мяркуе, як палепшыць свой праект, аб’яднаўшы з іншым, з Арменіі, які заняў трэцяе месца. Поспехаў і ўдачы!
Ірына ВЕЧАР.