Валерый Прышчэпа, навучэнец Слуцкага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя (на здымку з майстрам вытворчага навучання М.С. Лазюком), заняў трэцяе месца ў абласным этапе конкурса прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus – 2020 па прафесійнай кампетэнцыі «эксплуатацыя сельскагаспадарчых машын», які прайшоў у канцы кастрычніка ў Смілавічах.
Валерый у Слуцкім сельгасліцэі вучыцца на апошнім курсе. З тэхнікай юнак, як кажуць, на ты: з дзяцінства захапіў гэтай цікавай справай бацька, а падчас вучобы ў Казловіцкай СШ юнак наведваў гурток «Аўтасвет». Так што і конкурс, кажа Валерый, для яго ніколькі не складаны, галоўнае было толькі з думкамі сабрацца, каб нічога не забыць.
Што ж, для кампетэнтнага спецыяліста сапраўды так. А вучоба ў ліцэі маладому чалавеку падабаецца, добрыя, дасведчаныя выкладчыкі, камфортныя ўмовы. Ды і атрыманая спецыяльнасць дае многа магчымасцей у далейшым.
Прафесійнае спаборніцтва WorldSkills Belarus праходзіла ў Смілавічах, сярод 13 навучэнцаў па прафесіях «трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці» і «слесар па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання» з 13 устаноў адукацыі выбіралі, хто ж прадставіць у складзе каманды Мінскую вобласць на рэспубліканскім конкурсе.
Конкурснае заданне складалася з трох модуляў: падрыхтоўка ворнага машынна-трактарнага агрэгата, камплектаванне машынна-трактарнага агрэгата для ўнясення ўгнаенняў, а таксама рэгуліроўка і абслугоўванне рухавіка. Ацэньвалася выкананне патрабаванняў аховы працы, санітарных нормаў і правіл, арганізацыя працоўнага месца і іншае.
Рыхтаваў Валерыя Прышчэпу да ўдзелу ў абласным этапе конкурсу майстар вытворчага навучання Міхаіл Станіслававіч Лазюк. Дарэчы, таксама трэцяе месца ў конкурсе заняў выпускнік Слуцкага сельгасліцэя, вучань Міхаіла Станіслававіча, які і ў мінулым годзе паспяхова ўдзельнічаў у WorldSkills Belarus (2 месца), Павел Прановіч. Цяпер Павел атрымлівае сярэднюю спецыяльную адукацыю ў Мар’інагорскім каледжы імя Лабанка.
Міхаіл Станіслававіч працуе ў ліцэі 33 гады, выпусціў нямала кадраў. Удзел у падобных конкурсах, лічыць ён, узбагачае ведамі не толькі навучэнцаў, педагогі таксама вучацца. Валеру падрыхтаваць было нескладана, адзначае ён, таму што калі бацька дае працаваць сыну, як у сям’і Прышчэпаў, гэта вельмі добра. У юнака ёсць добрая база, акуратнасць, тлумачыць яму было проста. Галоўнае, каб тэарэтычныя веды былі замацаваны, давесці асноўныя аперацыі да аўтаматызму, адзначае Міхаіл Станіслававіч
Навыкі і ўменні, якія атрымліваюць юнакі падчас навучання ў ліцэі, вельмі карысныя і для іх асабіста, гэта ж зразумела. Ну і кваліфікаваныя майстры, слесары або вадзіцелі, трактарысты, заўсёды запатрабаваныя не толькі ў сельскай гаспадарцы. Некаторыя, напрыклад, уладкоўваюцца на Белкалій, кагосьці бяруць на станцыі тэхнічнага абслугоўвання аўтамабіляў. А ў ліцэі база для падрыхтоўкі кадраў добрая, тэхніка ёсць. Ды і магчымасці для развіцця творчых, спартыўных здольнасцей навучэнцаў ёсць. І даследчай дзейнасцю яны таксама паспяхова займаюцца. Некаторыя паступаюць у ліцэй для атрымання далейшай адукацыі: каледж, затым ВНУ.
Адным словам, галоўнае, жаданне атрымліваць веды і самаўдасканальвацца.
Ірына ШЧАРБОВІЧ.