Хто кажа, што жанчыны – слабы пол, той памыляецца. Паглядзіце на гэтую прыгажуню! Ларыса Фёдараўна Яўстрат удала спалучае ў сабе клапатлівую маці, любячую жонку, руплівую гаспадыню і сапраўднага прафесіянала – майстра сваёй справы. Дзіву даешся, як яна ўсё паспявае!
Ларыса Фёдараўна працавітая, гаспадарлівая, адказная. Ужо сем гадоў яна ўзначальвае жывёлагадоўчую таварную ферму ў Леніна адкрытага акцыянернага таварыства «Падлессе-2003». Яна з дзяцінства прывучана да цяжкай працы ў сельскай гаспадарцы – яе маці працавала даяркай на ферме ў Кажушках, а яна заўсёды ёй дапамагала. 
– Мне падабалася працаваць з жывёлай, таму і засталася ў вёсцы, – расказвае Ларыса Фёдараўна. – Пасля школы закончыла Ільянскі сельскагаспадарчы тэхнікум, працавала аператарам машыннага даення дваццаць гадоў. Потым – лабаранткай на малочнатаварным комплексе, загадчыкам свінатаварнай фермы, а зараз – тут. Вось такі ў мяне працоўны шлях, так склаўся мой лёс. Іншых варыянтаў і не разглядала. Вясковы лад жыцця звыклы для мяне, а таму няпростая праца ў жывёлагадоўчай галіне не напалохала. 
На жывёлагадоўчай таварнай ферме «Леніна» зараз утрымліваецца 1 200 галоў буйной рагатай жывёлы ад 2 да 15 месяцаў. Сярэднясутачныя прывагі жывёлы – ад 650 да 1 000 грамаў, у залежнасці ад узроставай групы.
– Дарэчы, за час работы ў нас склаўся добры калектыў, дзейнасць якога нацэлена на вынік. Працаўнікі добра ведаюць, што многае залежыць ад стараннасці кожнага на сваім рабочым месцы. Тым не менш выніковасць працы жывёлаводаў складаецца з многіх фактараў: якасці і колькасці нарыхтаваных улетку кармоў, прафесіяналізму і адказнасці ветэрынарнай службы і г. д. Нам у гэтым плане пашчасціла. Адчуваем мы і падтрымку дырэктара сельгасарганізацыі Івана Іванавіча Барысаўца, яго намеснікаў, ветэрынарнай службы, іншых, – дзеліцца Ларыса Фёдараўна. – Толькі агульнымі намаганнямі дасягаюцца станоўчыя вынікі.
На ферме жывёлаводам працуе і муж Ларысы Фёдараўны, раней ён працаваў механізатарам, быў задзейнічаны на ўборцы збожжавых і зернебабовых культур. У Яўстратаў ёсць сын, жыве ў суседнім райцэнтры – Капылі, двое ўнукаў.
Зразумела, у жывёлагадоўчай галіне ненарміраваны рабочы дзень. Працоўны дзень пачынаецца рана, але ж ёсць час заняцца і хатнімі справамі. У руплівай гаспадыні на падворку ёсць нават і дзве каровы. Ёй асабліва няма калі адпачываць, але ж яна ні на што не скардзіцца.
Намеснік дырэктара ААТ «Падлессе-2003» па жывёлагадоўлі Яўгеній Мікалаевіч Рамашка адзначыў, што на таварнай ферме «Леніна» праводзяць рэканструкцыю памяшкання для ўтрымання цялят на 400 галоў. Сёлета напрыканцы года плануюць увесці памяшканне ў эксплуатацыю.
– Плануем ферму перапрафіляваць пад вырошчванне цялушак ад трохмесячнага ўзросту да асемянення, з закрытым цыклам вырошчвання. Гэта паступовая работа, мяркуем, што ў наступным годзе рэалізуем гэта, – гаворыць Яўгеній Мікалаевіч. – У гэтым ёсць неабходнасць, так як малако дае асноўны прыбытак сельгасарганізацыі. У нас тры даільныя залы, будуем чацвёртую – неабходны цялушкі для аднаўлення дойнага статка. У гэтым кірунку і працуем.
Не застаюцца ў сельгасарганізацыі ў баку ад сучасных тэхналогій. Так, каб палегчыць працу жывёлаводаў разглядаюць варыянты набыцця малочнага таксі для фермы. Гэта перасоўная ўстаноўка, у якой забяспечваецца падрыхтоўка, падагрэў, дастаўка і дазіраванае размеркаванне малака. Апарат яшчэ і абеззаражвае малако.
Згадзіцеся, вельмі зручна для аператараў.
Наогул, работніцы фермы вялікую ўвагу надаюць навядзенню парадка на тэрыторыі. У іх заўсёды прыгожа. Там ёсць і прыгожыя кветкі, і буслы (нават восенню), і лебедзі, і мосцік праз «рачулку». Майстрыцы!
 
								 
																											 
												 
												 
												 
             
             
					 
					 
					