Семінар-практыкум для настаўнікаў фізічнай культуры і здароўя па праграме IAAF KIDS` ATHLETICS («Детская легкая атлетика IAAF») прайшоў на базе сярэдняй школы №13 у Слуцку.

Дарога да вялікіх дасягненняў у спорце пачынаецца ў дзяцінстве, гэта агульнавядома. Як прызвычаіць дзяцей да заняткаў фізкультурай? Як гэтыя заняткі зрабіць цікавымі, каб школьнікі хацелі часцей хадзіць (вяртацца) у спартыўную залу? Пытанні, якія настаўнікі і трэнеры абмяркоўваюць, думаю, нярэдка.
Пра гэта ішла гаворка  на семінары, у якім прынялі ўдзел прадстаўнік Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Валерый Іванавіч Сідорскі, бронзавы прызёр чэмпіянату Еўропы па лёгкай атлетыцы майстар спорту міжнароднага класа Аляксей Цапік. Пасля абмеркавання тэарэтычных пытанняў удзельнікам семінару прадставілі практычныя заняткі. Настаўнікі ўбачылі магчымасці выкарыстання новага дзіцячага спартыўнага інвентара, бяспечнага, яркага, цікавага,  для заняткаў.
 Для малодшых школьнікаў СШ №13 арганізаваныя спаборніцтвы сталі сапраўдным святам. Шэсць каманд выконвалі  розныя віды легкаатлетычных практыкаванняў на хуткасць. А перад пачаткам майстар-клас па разміначных практыкаваннях правёў Аляксей Цапік.
Спаборніцтва прайшло весела, цікава. Дзеці былі ў цудоўным настроі, захоплены нестандартнымі практыкаваннямі і зменай відаў дзейнасці,  ім усё спадабалася, гэта было відавочна. У завяршэнні кожны са школьнікаў атрымаў дыплом. Вучаніцы … класа сказалі, што ім хацелася б больш такіх   насычаных,  інтэнсіўных  урокаў.
Валерый Іванавіч Сідорскі адзначыў, што ў наш час неабходна мяняць падыходы да арганізацыі ўрокаў фізкультуры, вучэбна-трэніровачных заняткаў, каб зрабіць іх прывабнымі, цікавымі для дзяцей. На гэта накіравана праграма «Дзіцячая лёгкая атлетыка». Важным момантам з’яўляецца ўзнагароджанне кожнага ўдзельніка спаборніцтва за ўклад у агульнакамандны вынік: гэта і матывацыя, і выхаваўчы момант. А прысутнасць беларускіх спартыўных «зорак» на такіх мерапрыемствах стымулюе да больш актыўных заняткаў спортам. Дзеці бачаць, што можна дасягнуць вышынь, нават калі ты пачынаеш займацца ў невялікім горадзе, галоўнае – мэтанакіраванасць.
Дарэчы, у СШ №13 сёлета выпусцілі першы спецыялізаваны спартыўны клас. Пра вынікі расказвае класны кіраўнік Юлія Віктараўна Бахановіч:
– Пачыналі навучанне  ў нашым класе 20 чалавек. На працягу вучобы чацвярых запрасілі ў рэспубліканскае і абласное вучылішчы алімпійскага рэзерву: Лізавету Бахановіч і Мікіту Чыжыка – на аддзяленне гандболу, Канстанціна Крата – лёгкай атлетыкі, Паўла Мірончыка – плавання. Ліза, Мікіта і Косця ўваходзяць у маладзёжныя зборныя каманды рэспублікі па сваіх відах спорту. Дзесяць з 16-ці выпускнікоў нашага класа паступілі ў ВНУ, астатнія ў каледжы. Усе яны не пакінулі заняткаў спортам, уваходзяць у каманды ў сваіх навучалных установах, а Анастасія Банчак, якая паступіла на факультэт міжнародных адносін, асноўны варатар у футбольнай камандзе 
«Зорка БДУ».
У гэтым годзе СШ №13 з’яўляецца эксперыментальнай пляцоўкай у рэспубліканскай праграме… Дзеці праходзяць тэсціраванне: па адбітках пальцаў вызначаюцца спартыўныя здольнасці, асаблівасці характару і іншае.
Напэўна, на Случчыне вырасцяць яшчэ не аднаго славутага спартсмена. І няхай не ўсе стануць чэмпіёнамі, але ж далучэнне да актыўных заняткаў фізкультурай дае імпульс да здаровага ладу жыцця.
Ірына ВЕЧАР.

Похожие записи