Святы вёсак – больш, чым проста культурная падзея. Гэта час, калі знікаюць клопаты, будзённасць. Тут жыхары, ад маленькіх да старажылаў, выходзяць насустрач адзін аднаму, каб парадавацца таму, што іх аб’ядноўвае: родная зямля, агульная гісторыя, сучаснасць і мары аб будучыні.
Каля дзесяці святочных мерапрыемстваў ужо прайшлі ў вёсках Случчыны ў жніўні. У вёсцы Бязверхавічы падчас канцэртнай праграмы «Зямля, што яднае людзей» для мясцовых жыхароў і гасцей праспявалі вакальны ансамбль «Тандэм» Лучнікоўскага цэнтра культуры, а таксама калектыў аматарскай творчасці Мусіцкага сельскага клуба. Сардэчна сустракалі ў аграгарадку Ісерна ўдзельнікаў аматарскай мастацкай творчасці Ісернскага сельскага дома культуры. Удзел у свяце пад назвай «Адным лёсам мы звязаны навечна» прыняла і вакальная група гасцей з Салігорска (ААТ «Беларуськалій»). Пасля канцэрта праходзіла дыскатэка, якая завяршыла святочнае мерапрыемства ў аграгарадку.
Супрацоўнікі Вясейскага дома культуры арганізавалі свята выхаднога дня для жыхароў вёскі Амговічы «З любоўю да людзей і зямлі». Да пачатку мерапрыемства на возе з музыкай аб’ехалі вёску з абвесткай аб правядзенні свята. Акрамя канцэрта для дзяцей і дарослых правялі гульнёвыя праграмы, дыскатэку. Выступалі калектывы аматарскай мастацкай творчасці Вясейскага, Бокшыцкага сельскіх дамоў культуры.
У наступныя выхадныя (16 жніўня) адбудзецца свята выхаднога дня ў вёсцы Ветка, які агранізуюць супрацоўнікі Мусіцкага сельскага клуба. Таксама свята вёскі адзначаць у Крывой Градзе і Гуляева. 22 жніўня – Дзень сямейнага адпачынку ў вёсцы Кірава, 23 жніўня – свята вёскі Шышчыцы, народнае гулянне аграгарадка Грэск, свята сямейнага адпачынку ў вёсцы Вялікая Сліва, свята выхаднога дня вёскі Гольчычы, дзень сямейнага адпачынку у вёсцы Кляпчаны. 30 жніўня запрашаюць на свята вёскі Варкавічы, а 31 жніўня – на свята аграгарадка Казловічы.
Такія святы – прызнанне ў любові да сваёй вёскі, дзе жывуць неабыякавыя, творчыя, працавітыя людзі. Пакуль тут кіпіць жыццё, гучыць песня і гарыць агонь сэрцаў – вёска будзе жыць. І не проста жыць, а натхняць.
Жыхары вёскі Бліжнія Бандары ад усёй душы дзякуюць работнікам Казловіцкага сельскага дома культуры (загадчык Андрэй Яромін) за арганізаванае свята. Асабліва мясцовых жыхароў уразіла выступленне групы «Авантаж» Кіраўскага сельскага дома культуры (загадчык Сяргей Міхнюк). Прысутныя на свяце выказваюць шчырае захапленне ад праведзенага мерапрыемства, жадаюць калектывам творчых поспехаў, дабрабыту, натхнення.
Кацярына Барысевіч
па матэрыялах Слуцкага раённага цэнтра народнай творчасці.