На фота: Святлана Беразоўская з дочкамі Вольгай, Інай і Наталляй.
– Мой аграгарадок, мая работа, мая сям’я – гэта тое, што мне дорага, без чаго не магу. Тут, у Вясеі, прайшло маё дзяцінства, юнацкія гады, тут я сустрэла каханне, – так пачала расказ аператар машыннага даення малочнатаварнай фермы ААТ «Вясейскі Пакроў» Святлана Беразоўская.
– Мне падабаецца вёска. Тут няма калі сумаваць. Работа, свой дом, агарод, гаспадарка. Тут і прасторна, і ўтульна.
Працоўны дзень Святланы Фёдараўны пачынаецца ў пяць гадзін раніцы. Праца ў сельскай гаспадарцы нялёгкая, але на яе, сцвярджае, ідзе з добрым настроем, бо палюбіла яе яшчэ ў юнацкія гады, а калектыў, у якім працуе, па словах жанчыны, адзін з лепшых у раёне.
– Яшчэ падлеткам дапамагала бацькам, якія працавалі тут жывёлаводамі, яны вучылі, што не важна, дзе і кім працуеш, галоўнае – каб добра, каб не сорамна было за сваю працу, – расказвае жанчына. – Мой тата Фёдар Іванавіч Губчык яшчэ працуе слесарам. Прызвычаілася да працы ў сельскай гаспадарцы і я, таму пасля заканчэння школы адразу пайшла працаваць: спачатку – аператарам машыннага даення, потым – на дарошчванні, зараз – на раздоі цялушак. У прафесіі 23-ці год. Усё прыходзіць з вопытам, але ад таго, наколькі адказна ставішся да працы, многае залежыць. Так, пры раздоі маладых цялушак важна не спяшыць, правесці, як належыць, усе працэдуры, здаіць уручную першыя і апошнія струменьчыкі малака, улічыць і фізіялагічныя асаблівасці жывёліны. Ад таго, наколькі цяпер папрацую шчыра і сумленна, залежыць вынік маёй працы ў далейшым, бо толькі добра дагледжаная жывёла можа даць высокія ўдоі малака.
Святлану Фёдараўну ў гаспадарцы ведаюць як адказную працаўніцу, вопытнага работніка, добрага чалавека. Кажуць, яна не лічыцца з часам, прыклад для іншых.
Клопату ў Святланы Фёдараўны хапае і дома. Свая гаспадарка: кароўка, свінні, розная птушка – таксама чакаюць гаспадыню. Дапамагае вялікая дружная сям’я: муж і чацвёра дачушак, трое з іх яшчэ вучацца.
Старэйшая дачка працуе настаўніцай у Сорагах, яшчэ адна вучыцца на агранома, а дзевяцікласніца Вольга марыць працаваць у сілавых структурах, тым не менш, не цураецца і цяжкай працы ў жывёлагадоўлі, з задавальненнем дапамагае матулі не толькі дома, але і на ферме. Надзея і апора матулі і другакласніца Іна. Нашай маме трэба дапамога, кажуць яны, каб быў час пабыць з намі, пагутарыць, адпачыць.
У вольны час Святлана Фёдараўна любіць гатаваць, глядзець кінастужкі. А яшчэ захапленне – ружы, якія вырошчвае каля дома, і іншыя кветкі, яны цвітуць усё лета, восень.