Аграрыі Случчыны намалацілі 117 812 тон збожжа – трэці паказчык у вобласці пасля Нясвіжскага і Капыльскага раёнаў.

Выкарыстоўваючы кожную хвіліну добрага надвор’я, камбайнеры, вадзіцелі, работнікі зернесушыльных комплексаў змагаюцца за кожнае зярнятка. На Случчыне 68 камбайнавых экіпажаў намалацілі больш за тысячу тон збожжа, у тым ліку 7 – больш за дзве тысячы тон. У ліку «тысячнікаў» 70 вадзіцеляў, «двухтысячнікаў» – 9.

ААТ «Падлессе-2003» у ліку лідараў у раёне па ўраджайнасці збожжавых культур – 55,3 цэнтнера з гектара. У чым сакрэт, высвятлялі на палетках сельгасарганізацыі.

Шпарка ідуць камбайны па полі, пакідаючы за сабой роўныя рады саломы. Напагатове – аўтамабілі для адвозкі зерня.

– Сваіх сем камбайнаў ды адзін з cуседняга раёна прыйшоў нам на дапамогу, – адзначае галоўны аграном сельгасарганізацыі Мікалай Іванавіч Кананок. – На нашы плошчы нам бы яшчэ камбайнаў… Праўда, сёлета новы набылі. Адказнаму работніку даручылі. А так спраўляемся. Калі надвор’е не падвядзе, то праз тыдзень закончым.

Мікалай Іванавіч Кананок – дасведчаны спецыяліст.  Расказаў, што, каб атрымаць добры ўраджай, неабходна добра папрацаваць, пачынаючы ад выбару палеткаў, севазвароту, апрацоўкі глебы, насення, сяўбы…

– Многае залежыць ад механізатараў, іх стараннасці, якасці работы на кожным з участкаў, – адзначае Мікалай Іванавіч. – У мяне ёсць раскладка па кожным полі: якую ўраджайнасць на ім можа даць тая ці іншая культура. Гэта абавязкова ўлічваем. Ёсць палі, дзе наогул збожжавыя не растуць – толькі шматгадовыя ці аднагадовыя травы. Ужо за гады зроблены высновы. А яшчэ сеяць пшаніцу лепш пасля бабовых траў, кукурузы, ячмень – пасля цукровых буракоў. Зразумела, клімат мяняецца. Калі ранняя вясна, не значыць што трэба рана сеяць.

Больш за 80% уборачных плошчаў у сельгасарганізацыі займае азімая пшаніца – яна найбольш урадлівая. Калі культура гатунка «аўгусціна» дала 50 – 60 ц/га, «багатка» –  60 – 70 ц/га, то «тобак» –  85 ц/га.  Па словах Мікалая Іванавіча, ячмень у апошнія гады падводзіць: сёлета толькі 40 – 44 ц/га атрымалі. Ячмень сеюць насеннем айчыннай селекцыі. Наогул, летась у ААТ «Падлессе-2003» па выніках уборачнай кампаніі сярэдняя ўраджайнасць склала 60 ц/га. Сёлета таксама спа­дзяюцца на добры вынік, тым больш што трыцікале павінна даць неблагі ўраджай.

– У гэтым годзе ў нас амаль не было дажджоў: толькі ў маі і чэрвені па аднаму – усё. Ураджай мог бы быць значна лепшым, – адзначае галоўны аграном сельгасарганізацыі.

На дапрацоўцы зерня задзейнічаны два зернеачышчальна-сушыльныя комплексы. Вільготнасць зерня – 14% і ніжэй, таму яго толькі ачышчаюць. Дарэчы, у ААТ «Падлессе-2003» ужо выканалі дзяржзаказ па продажы зерня дзяржаве.

За ўсімі лічбамі – нястомная праца работнікаў сельгасарганізацыі. У іх ліку і Віталій Валянцінавіч Вайтовіч. На жніве ён чалавек не новы: за яго плячыма ў агульнай колькасці 21 уборачная кампанія.

– Ён жа пасля пятага класа ўжо бацьку дапамагаў, – дадае Мікалай Іванавіч Кананок. – Вопытны. Вось Віталію і даверылі новы камбайн.

Віталій Валянцінавіч разам з памоч­нікам Віталіем Віктаравічам Картузавым намалацілі ўжо больш за тысячу тон збожжа. У адзін з дзён намалот склаў 140 тон!

Ірына КАВАЛЕНКА.

Похожие записи