Менавіта ў такія дні на вуліцах горада можна назіраць найбольшую канцэнтрацыю прыгажунь і галантных кавалераў: раённы выпускны баль адбыўся ў Слуцку 9 чэрвеня.
Як заўсёды, падзяліць з выпускнікамі радасць новага этапу ў жыцці сабраліся іх педагогі, родныя, блізкія, знаёмыя. Адзінаццаць гадоў праляцелі амаль непрыкметна. Удачы і расчараванні, поспехі, радасці і трывогі, сустрэчы, развітанні, мары і планы… 
Урачыстым шэсцем прайшлі на цэнтральную плошчу амаль 600 выпускнікоў школ Случчыны. Яны зрабілі першы крок у дарослае жыццё – атрымалі атэстаты аб агульнай сярэдняй адукацыі, з іх 31 – залатыя медалісты, 2 – сярэбраныя. Найбольшая колькасць медалёў у вучняў гімназіі №1 і СШ №11 – па 7, у СШ №10 імя С.Ф. Рубанава 4 медалісты. Па традыцыі падчас свята выдатнікі вучобы атрымалі свае ўзнагароды, а таксама падзякі начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Слуцкага райвыканкама, памятныя сувеніры. Творчыя калектывы СШ №8 падрыхтавалі прыгожыя канцэртныя нумары. 
Старшыня Слуцкага райвыканкама Андрэй Уладзіслававіч Янчэўскі павіншаваў прысутных, пажадаў выпускнікам быць упэўненымі, мэтанакіраванымі, паспяховымі, адказнымі за свае лёсы і лёс краіны, падзякаваў педагогам за адданую працу, бацькам. 
Начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Слуцкага райвыканкама Андрэй Васільевіч Нядзелька жадаў выпускнікам свядомага выбару далейшага шляху, удачы пры паступленні ў навучальныя ўстановы, жыццёвых шчадрот.
Ад імя выпускнікоў выступіў Ян Шляхаў, вучань СШ №11, лаўрэат заахвочвальнай прэміі спецфонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў (па выніках 2017 г.), які неаднаразова паспяхова прадстаўляў  Беларусь на міжнародных конкурсах па інфарматыцы:
– Наша сёння – час магчымасцей і рэалізацыі. Перамога прыходзіць да тых, хто адданы сваёй справе і верыць у яе поспех. Мы ўдзячныя краіне, сям’і, школе і заўсёды будзем памятаць месца, дзе ўсё пачыналася, – нашу малую радзіму, родны Слуцк. Дзякуй за трывалы пункт адліку.
Дарэчы, выпускнік СШ №10 імя С.Ф. Рубанава Аляксей Барысавец таксама адзначаны заахвочвальнай прэміяй спецфонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў за паспяховае выступленне на рэспубліканскім турніры юных фізікаў (2017 г.).
…Як сімвалічнае развітанне з дзяцінствам – выпушчаныя паветраныя шары: амаль 600 мар падняліся высока-высока ў неба. Няхай жа ўсе яны здзейсняцца! У добры шлях, выпускнікі!
Ірына ВЕЧАР.

Учарашнія вучні ўрачыста прайшлі на плошчу, прымалі віншаванні, словы наказу. Узнагароджанне медалістаў, творчыя падарункі, паветраныя шары ў небе… 

У добры шлях, выпускнікі!   






Падрабязнасці — у “Слуцкім краі”.

Похожие записи