Сёлета жніво асаблівае. З-за засушлівага надвор’я камбайны выйшлі ў поле значна раней, але зараз перашкаджаюць дажджы. На Случчыне па традыцыі распачынаюць уборачную кампанію раённым святам «Зажынкі». Сёлета ладзілі яго на адным з палеткаў адкрытага акцыянернага таварыства «Казловічы-Агра». 
На полі выстраілі камбайны, на старце – аўтамабілі, гатовыя прыняць зерне. Побач з імі і камбайнавыя экіпажы. Механізатары і вадзіцелі ў цудоўным настроі – пачынаецца жніво, якое падводзіць рысу намаганням працаўнікоў на працягу года. 
Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел ганаровыя госці, спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Слуцкага райвыканкама, кіраўнікі і спецыялісты сельгасарганізацый раёна, кіраўнікі прадпрыемстваў.
Вітаў удзельнікаў «Зажынак-2018» старшыня Слуцкага раённага выканаўчага камітэта Андрэй Уладзіслававіч Янчэўскі. 
– «Ёсць хлеб – будзе мір, шчасце і багацце…», так казалі нашы продкі. З даўніх часоў хлеб з’яўляецца сімвалам дабрабыту краіны і самай вялікай каштоўнасцю. Бо менавіта ад вынікаў уборачнай кампаніі залежыць харчовы дастатак дзяржавы, – гаварыў А.У. Янчэўскі. – Цэлы год мы працавалі на ўраджай. І цяпер задача не проста ўбраць яго з поля, а ўбраць якасна, без страт, выканаць дзяржаўны заказ, запоўніць засекі і пасеяць новы хлеб. Зусім хутка збожжа з нашых палёў ляжа вялікім караваем на стол нашай Радзімы. І хочацца, каб па завяршэнні жніва мы маглі павіншаваць адзін аднаго з высокім агульным вынікам. Станоўчы вопыт у гэтай справе мы маем. У добры шлях, хлебаробы! Шчыра віншую вас з «Зажынкамі» і жадаю спрыяльнага надвор’я, багатага намалоту, плённай працы на карысць раёна. Няхай Случчына ўнясе важкі ўклад у каравай Беларусі! 
Андрэй Уладзіслававіч адзначыў, што важна прыкласці ўсе намаганні і правесці ўборку ў аптымальныя тэрміны, пры гэтым не парушаць правілы бяспекі працы і забяспечыць бездакорную якасць работ. Таксама пажадаў хлебаробам прыўзнятага настрою ў полі і плёну ў працы, здароўя і разумення з боку родных, каб яны заўсёды адчувалі іх падтрымку.
З пачаткам жніва віншавалі працаўнікоў Случчыны дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валянціна Вітальеўна Ражанец, старшыня рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Мікалай Аксёнавіч Лабушаў, намеснік старшыні Мінскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК Пётр Максімавіч Окунеў, ксёнз Аляксей Рамановіч, благачынны Слуцкай царкоўнай акругі протаіерэй Ігар Штэпа. 
«Зажынкі» праходзілі ў адпаведнасці са старадаўнім абрадам. Калектывы аматарскай творчасці падрыхтавалі тэатралізаванае прадстаўленне, падчас якога і снапы вязалі, і поле пакрывалі… Першы сноп і духмяны каравай уручылі старшыні райвыканкама Андрэю Уладзіслававічу Янчэўскаму, а яшчэ – ляльку-зернавуху на багаты ўраджай. Цудоўныя песні ўзнімалі настрой. Камбайнеры і вадзіцелі занялі свае працоўныя месцы… 
У Слуцкім раёне збожжавыя і зернебабовыя культуры  займаюць амаль 40 000 гектараў. А.У. Янчэўскі адзначыў, што зараз на Случчыне ўбіраюць азімы рапс. Сёлета ўраджайнасць на 15 – 20 працэнтаў меншая, чым летась. Але з улікам павелічэння плошчы пад гэту культуру ў раёне плануюць сабраць каля 18 000 тон насення рапсу. У раёне павялічылі плошчу і пад збожжавыя. Аб выніках гаварыць яшчэ рана, але ёсць спадзяванні на мінулагодні ўзровень. Стаўку робяць на азімыя культуры. Як паказвае практыка, яны даюць большы ўраджай. З улікам гэтага ў раёне ў далейшым плануюць павялічваць пасяўныя плошчы пад азімыя збожжавыя.
Камбайнавы экіпаж ААТ «Казловічы-Агра» ў складзе Максіма Анатольевіча Салаўя і Вадзіма Мікалаевіча Пракаповіча настроены на выніковую працу. Максім Анатольевіч працуе інжынерам у гаспадарцы. Летам ужо восьмы год на камбайне.
 
Для механізатара сельгасарганізацыі Аляксея Робертавіча  Гаеўскага сёлетняе жніво – шаснаццатае. 
– Ужо пара ўбіраць хлеб. Спадзяёмся на добры ўраджай, – гаворыць Аляксей Робертавіч. – Падрыхтавалі тэхніку да жніва. Без паломак працавалі на ўборцы рапсу. У выдатным настроі пачынаем жніво. 
А вось Валерый Мікалаевіч Чарноў прыехаў у ААТ «Казловічы-Агра» з Магілёўскай вобласці – працуе на ўборцы памочнікам у сына Дзмітрыя. Дарэчы, Дзмітрый Валер’евіч – настаўнік фізікі ў сярэдняй школе №11. Раней бацьку дапамагаў, а зараз наадварот. 
Сёлета на Случчыне на жніве будуць задзейнічаны 143 камбайнавыя экіпажы. Як толькі ўсталюецца надвор’е, яны выедуць у поле.
Ірына КАВАЛЕНКА.






























Ірына КАВАЛЕНКА.

Похожие записи