Яно ў кожнага было – першае каханне. І праз гады мы ўзгадваем яго як светлае чыстае пачуццё, як цудоўны час свайго жыцця.
Першая закаханасць напаткала мяне рана – у пачатковых класах школы. Ірка – маленькая, худзенькая, здаецца, нічога адметнага ў ёй не было, але закахаўся я па-сапраўднаму.
Ірка жыла ў суседняй вёсцы, куды я хадзіў у школу за тры кіламетры. Хата яе стаяла наводдаль, не ў рад з астатнімі, а ў глыбіні агародаў, і ў дажджлівае надвор’е масткі з дошак ад дому да вуліцы былі затоплены вадой.
Я, памятаю, заўсёды чакаў яе, каб дапамагчы перайсці гэту перашкоду. Пра наша пяшчотнае сяброўства ведалі не толькі вучні, а і настаўнікі. Настаўніца пачатковых класаў Соф’я Васільеўна Рацько нават пасадзіла нас разам за адну парту.
Вучыліся мы нядрэнна, Ірка дык зусім была круглая выдатніца, у адрозненні ад мяне, хаця і ў мяне былі, памятаю, чацвёркі толькі па рускай мове, астатнія адзнакі выдатныя.
Так кранальна мы сябравалі аж да пятага класа. Разам з Іркай мы прыязджалі падчас летніх канікул у школу і даглядалі кветкі на клумбах, у асноўным гэта былі садовыя рамонкі, вяргіні і гваздзікі. Даглядалі таксама і школьны агарод. Памятаю, як пад канец летніх канікул прыязджаў у школу, каб падрамантаваць і пафарбаваць сваю парту. І з якім нецярпеннем чакаў 1 верасня, каб сесці з Іркай за гэтую чорную, з пахам фарбы парту. Гэты момант асабліва ўспамінаецца ў дзень ведаў, калі дзеткі з кветкамі бягуць у школу, куды цяпер спяшаюся і я, каб пабачыць і сфатаграфаваць сваіх унукаў.
У 1958 годзе бацькі аддалі мяне вучыцца ў Нясвіж, з нагоды паступлення ў музычную школу. Так мы з Іркай і рассталіся…
Бяжыць час, але дзяцінства, юнацтва не забываюцца. Так людзі ўстроены: усё, што адчувалася, што бачылася ўпершыню, што закранула сэрца, не забываецца.
Аляксандр РАБЦАЎ,
г. Слуцк.
Фота носіць ілюстратыўны характар.