У сельгасарганізацыях Слуцкага раёна пачынаецца адказная пара – уборка
збожжавых і зернебабовых культур, вынікі якой залежаць ад кожнага працаўніка.

Не застаюцца ў баку і прафсаюзныя арганізацыі. Аб ролі прафсаюзаў на жніве – размова са старшынёй Слуцкага райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Таццянай Гурбо.

– Пытанні аховы працы, арганізацыя харчавання, забеспячэнне спецадзеннем работнікаў сельгасарганізацый – пастаянна ў полі зроку райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Перад пачаткам уборачнай кампаніі спецыялісты ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Слуцкага райвыканкама сумесна з райкамам прафсаюза работнікаў АПК правялі семінар-вучобу з галоўнымі інжынерамі, старшынямі прафкамаў, інжынерамі па ахове працы сельгасарганізацый на базе саўгаса «Рачкавічы» Беларускай чыгункі. Падчас семінара яшчэ раз зроблены акцэнты па ўсіх напрамках работы на ўборцы збожжавых.

– Адно з важных пытанняў – ахова працы…

– Сапраўды так. Вельмі важна стварыць для работнікаў бяспечныя ўмовы працы. Таму падчас наведвання сельгасарганізацый звяртаем увагу на забеспячэнне працаўнікоў сродкамі індывідуальнай аховы і гарачым харчаваннем, укамплектаванне камбайнаў вогнетушыцелямі і аптэчкамі першай медыцынскай дапамогі, стан санітарна-бытавых памяшканняў на мехмайстэрнях. Дарэчы, ужо праведзены маніторынг. Механізатары і вадзіцелі забяспечаны спецадзеннем. Былі пытанні па спецабутку.  У ходзе рэйдаў высвятляецца, што не ўсе механізатары носяць выдадзеныя адзенне і абутак, чым парушаюць правілы па ахове працы. Таму ў многіх арганізацыях ёсць загад аб абавязковым нашэнні спецадзення. Добрым прыкладам служыць набыццё палегчаных камплектаў маек і кепак для ўдзельнікаў уборачнай.
Ва ўсіх сельгасарганізацыях працуюць душавыя.

Каб пазбегнуць няшчасных выпадкаў, тройчы ў дзень работнікаў, занятых на жніве, будуць правяраць алкатэстэрам, каб  на працоўных месцах не было людзей у стане алкагольнага ап’янення. Дарэчы, гэта работа праводзіцца на працягу года. 

– Падчас уборачнай камбайнеры выкарыстоўваюць кожную хвіліну добрага надвор’я, каб своечасова ўбраць збожжа з палёў. А як будзе наладжана гарачае харчаванне  занятых на жніве?

– З гэтым праблем у нас няма. У чатырох арганізацыях будзе арганізавана двухразовае гарачае харчаванне, а ў 12-ці –  аднаразовае і будзе выдавацца сухі паёк. Даплата работнікаў у большасці сельгасарганізацый – 30% ад кошту абеду, у 4 – менш за 30%. У ААТ «Ісерна» харчуюцца работнікі бясплатна.  Таксама штодня ўсім будзе выдавацца па 2 літры халоднай пітной вады. Усе месцы прыёму ежы ў палявых умовах абсталяваны пераноснымі сталамі і табурэтамі. Добрай практыкай стала набыццё індывідуальных тэрмасаў для прыёму ежы. Так, у «Вясейскім Пакрове» набылі 30 такіх кантэйнераў. Пад кантролем і стан транспарту для падвозу ежы – яны маюць санітарныя пашпарты.

– Немалаважную ролю для работнікаў мае маральнае заахвочванне…

– Чалавеку прыемна, калі яго працу заўважаюць і адзначаюць. Мы гэта добра разумеем, таму падчас уборачнай кампаніі, як і ў папярэднія гады, будзем штодзень падводзіць вынікі працоўнага спаборніцтва, у сельгасарганізацыях раёна ўзнімаюць сцяг у гонар лідара жніва. Кожнаму работніку, які намалоціць ці перавязе больш за тысячу тон збожжа, будзе ўручаны вымпел ад старшыні Слуцкага раённага выканаўчага камітэта і каштоўны падарунак ад райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Дарэчы, у сельгасарганізацыях аформлены інфармацыйныя куточкі, дзе прадстаўлена інфармацыя па аплаце працы, ахове праці і іншая наглядная інфармацыя па арганізацыі і правядзенні ўборачнай кампаніі. Да ўсіх работнікаў даведзены ўмовы працоўнага спаборніцтва.

Упэўнена, работнікі сельгасарганізацый Случчыны справяцца з пастаўленымі перад імі задачамі, а мы, прафсаюзныя арганізацыі, будзем ім садзейнічаць у гэтым.

Вольга КАВАЛЕНКА,
студэнтка факультэта журналістыкі БДУ.

Похожие записи