Іду па Слуцку. Хоць і верасень, па-летняму сонечна, дзень лагодны, ласкавы… Іду і любуюся гарадскім наваколлем, кветкамі, будынкамі, людзьмі, мітуснёй жыцця. Лаўлю сябе на думцы, што наўрад ці так камфортна, натуральна адчувала б сябе ў іншым месцы. Слуцк – мая радзіма – я тут жыву без малага ўсё жыццё.

Шчыра кажучы, у свой час паступалі прапановы пераехаць у Мінск, змяніць месца жыхарства і працы. Але я не пагадзілася, чаму?

Ужо з вышыні ўзросту, жыццёвага вопыту разумею, што ў кожнага сваё месца на Зямлі, дзе светла, хораша, спакойна чалавеку. Для мяне гэта Слуцк, з якім я злучана роднымі людзьмі, сябрамі, любімай работай, пачуццямі, успамінамі…

Маленькай дзяўчынкай узлятала па скрыпучых драўляных прыступках на другі паверх будынка з яркай чырвонай цэглы. Ён знаходзіўся ў раёне цяперашняга магазіна №2 КУП «Універмаг «Слуцк» і шматпавярховак. Там размяшчалася рэдакцыя нашай газеты, тады яна называлася «Шлях Ільіча». У рэдакцыі працавала мама і я бегла да яе. Дагэтуль памятаю цяпло матуліных рук на маёй дзіцячай галоўцы, яе ўсмешку і шчасце, якое залівала гарачай хваляй маё сэрца.

Памятаю вялікія люстэркі ў Доме піянераў, куды хадзіла на заняткі танцамі. Тады ён знаходзіўся ў цяперашнім будынку дзіцячай мастацкай школы мастацтваў. Яшчэ ўзгадваецца, як у час вясновай паводкі Бычок каля маёй роднай школы №6 ператвараўся ледзь не ў суднаходную раку, разліваўся і пагражальна грымеў ледзяной вадой.

У памяці і ў сэрцы ўрачыстыя мітынгі ў Дзень Перамогі на мемарыяльным комплексе, куды бацькі мяне вадзілі з дзяцінства. Як я, школьніца, шчыра плакала, калі настаўніца расказвала пра гібель у час Вялікай Айчыннай вайны слуцкіх падпольшчыкаў Маглышаў. Памятаю, як хвалявалася, калі ўпершыню журналісткай пераступіла парог «Слуцкага краю», калі ўбачыла славуты Слуцкі пояс…

Усё лепшае, што ёсць ва мне, – ад маіх бацькоў, ад людзей вакол, ад роднага горада з багатай гісторыяй, культурай, які зберагае і ахоўвае, натхняе і прыдае сіл. Вельмі прыемна, што наш слаўны Слуцк квітнее з кожным годам. Зірніце на новыя жылыя мікрараёны, будынкі ўстаноў сацыяльнай сферы, магазіны, уладкаванне дваровых тэрыторый, дарог! Усё гэта хараство створана вамі, шаноўныя случчане, – працавітыя, таленавітыя, творчыя, цікавыя, унікальныя. Здароўя і новых вышынь, усё ў нас абавязкова будзе добра!
З 1020-годдзем, родны Слуцк!

Наталля СЕЛЯЗНЁВА.

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие записи