Нядаўна перагледзела мастацкі фільм беларускага рэжысёра Валерыя Рубінчыка «Вянок санетаў». Кінастужка выйшла ў пракат у 1975 годзе, але і сёння кранае да слёз, хвалюе сэрца, прымушае думаць, адчуваць і разумець, якая жахлівая з’ява – вайна…
За сваю шматгадовую гісторыю беларускі кінематограф падарыў гледачам вялікую колькасць цудоўных фільмаў, якія атрымалі прызнанне і далёка за межамі краіны. Напрыклад, карціна рэжысёра Льва Голуба «Дзяўчынка шукае бацьку» атрымала мноства ўзнагарод, у свой час была прададзена для камерцыйнага пракату ў 83 краіны. Узгадаем і іншыя любімыя фільмы, знятыя раней на «Беларусьфільме», – «Ідзі і глядзі», «Дзікае паляванне караля Стаха», «Белыя Росы», «Прыгоды Бураціна», «Людзі на балоце», «Полымя» і іншыя.
Сучасны беларускі кінематограф, на жаль, не надта радуе сапраўды таленавітымі, адметнымі карцінамі. А гэта, як падкрэсліў Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм», вялікае ўпушчэнне, «ніякай ідэалогіі без кіно быць не можа».
На нарадзе, прысвечанай беларускаму кінематографу, Кіраўнік дзяржавы ўздымаў вельмі важныя пытанні і пра кадры для кінематаграфічнай сферы, і пра фінансаванне, і пра нізкапробнасць айчынных фільмаў, і пра іх рэнтабельнасць. Кіно па-ранейшаму з’яўляецца адным з галоўных відаў мастацтва, прызначаным развіваць, вучыць, натхняць… Пакуль жа не пакідае трывалае адчуванне, што сучаснага беларускага кіно быццам і няма.
Будзем спадзявацца, што пасля крытычнай размовы Прэзідэнта краіны сітуацыя зменіцца да лепшага. Адпаведныя даручэнні дадзены Міністэрству культуры, кіраўніцтву «Беларусьфільма». Як прагучала ў сродках масавай інфармацыі, Белтэлерадыёкампанія і «Беларусьфільм» плануюць сумеснае стварэнне фільма і серыяла. Будзе актывізавана работа па падрыхтоўцы рэжысёраў, сцэнарыстаў, падбору прадзюсераў. Як адзначыў старшыня Беларускага саюза кінематаграфістаў Яўгеній Арэндарэвіч, на «Беларусьфільме» праведзена маштабная мадэрнізацыя, і не здымаць кіно на такой цудоўнай кінастудыі проста не дапушчальна.
Шчыра кажучы, вельмі хочацца бачыць «свае», родныя фільмы – блізкія людзям, змястоўныя, разумныя, прыгожыя, з увасабленнем нацыянальнай культуры і народнага характару. І, канечне, сучасныя.
На гэтым акцэнтаваў увагу Прэзідэнт, у першую чаргу, што тычыцца дзіцячага, маладзёжнага айчыннага кіно, якое пакуль таксама, на жаль, можна назваць прабельным.
І галоўнае – наша кіно павінна служыць кансалідацыі людзей, разуменню таго, у які вірлівы, неспакойны час мы жывём, як важна берагчы мір, суверэнітэт нашай роднай Беларусі. Варта ўзгадаць 2020 год, калі нам спрабавалі навязаць зусім іншыя, у тым ліку культурныя, каштоўнасці…
Наталля Селязнёва.