Прафсаюзны актыў Слуцкай раённай аб’яднанай арганізацыі прафсаюзаў наведаў Дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. 
Экскурсія па экспазіцыі, вядома, уражвае. Сэрца сціскаецца каля стэндаў з фотаздымкамі канцлагераў, замірае душа, калі бачыш скульптурную кампазіцыю «Жанчыны заўсёды чакаюць», якая адлюстроўвае сапраўдныя падзеі. Расказваюць, што дагэтуль захавалася традыцыя: жыхаркі вёскі Лявяцічы кожны год выходзяць на дарогу, па якой некалі пайшлі на фронт мужчыны, і просяць Бога вярнуць ім родных…
Тэхніка, якая ўдзельнічала ў баях, асабістыя рэчы абаронцаў, дыярамы і экспазіцыі, якія ўзнаўляюць падзеі вайны, расказ экскурсавода – усё гэта дае магчымасць уявіць і адчуць трагічнасць часу, жудаснасць вайны. 
Дарэчы, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі выступіла з ініцыятывай усталяваць ля падножжа Кугана Славы на пляцоўцы з баявой тэхнікай штурмавік Іл-2 – грозную зброю перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, які таксама ёсць у музеі. Легендарны штурмавік адшукалі, вядуцца работы па рэстаўрацыі гэтага баявога самалёта, арыгінальныя бронекорпус, шасі і хваставая частка будуць захаваны.
«Курган Славы» створаны на 21-м кіламетры трасы Мінск – Масква ў памяць пра падзеі ліпеня 1944 года, калі пры правядзенні аперацыі «Баграціён» савецкія войскі замкнулі кальцо акружэння фашысцкай групоўкі. 
Першая жменя зямлі ў падножжа Кургана была пакладзена 30 верасня 1966 года. З таго дня зямлю да мемарыяла сталі прывозіць з усіх беларускіх гарадоў і вёсак, затым з гарадоў-герояў Масквы, Ленінграда, Валгаграда, Севастопаля, Адэсы, Кіева, з Брэсцкай крэпасці і іншых памятных месцаў. 5 ліпеня 1969 года – у 25-ю гадавіну вызвалення Беларусі – адбылося ўрачыстае адкрыццё мемарыяла.
Побач з самім курганам на пляцоўцы ўстаноўлены ўзоры баявой тэхнікі, якая прымала ўдзел у разгроме нямецкіх захопнікаў. Да Дня незалежнасці Беларусі ФПБ плануе ўстанавіць там і Іл-2.
Ірына ШЧАРБОВІЧ.
Адкрыты дабрачынны рахунак, кожны можа падтрымаць гэтае пачынанне. Інфармацыя аб рахунку: атрымальнік: унітарнае прадпрыемства па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні і абслугоўванні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі «Дом прафсаюзаў» 220019, г. Мінск, пр-т Пераможцаў, 21, УНП 100116931 дабрачынны рахунак: BY20POIS3132000000002800933008. Банк: РКЦ №1 ААТ «Парытэтбанк», г. Мінск, пр-т Пераможцаў, 19, БІК POISBY2X. Прызначэнне плацяжу: на пастаўку металічнай копіі самалёта «Іл-2» з выкарыстаннем арыгінальных частак, мантаж, устаноўку і ўладкаванне пляцоўкі пад яе ўстаноўку.

Похожие записи