Пра свайго бацьку, Генадзя Паўлавіча Рымашэўскага, вязня фашысцкага канцлагера, у лісце ў рэдакцыяю расказала случчанка Людміла Маляўка.
«Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, бацьку было 12 гадоў. Усяго ў сям’і было пяцёра дзяцей. Жылі яны ў адной з вёсак пад Асіповічамі (на жаль, у памяці не захавалася яе назва). Старэйшыя Надзя і Міша з пачаткам вайны пайшлі ў партызаны.
У канцы 1942 года ў вёску прыйшлі немцы. Усё насельніцтва бліжэйшых вёсак сагналі на галоўную вуліцу, хворых, старых і нямоглых спалілі ў дамах, астатніх, як скаціну, некуды пагналі, у тым ліку і ўсю бацькаву сям’ю.
– Куды нас вядуць, мы не ведалі, але ўсе ўсведамлялі, што, хутчэй за ўсё, ідзём паміраць, – распавядаў бацька.
У нейкі момант натоўп падзялілі на дарослых, падлеткаў і дзяцей і рознымі групамі пагналі далей.
– Натоўп не быў хаатычны, ішлі амаль строем, з абодвух бакоў – канваіры са зброяй, – расказваў бацька. – Пераходзячы мост, адзін з хлапчукоў сігануў у дзірку ў дошках, яму пашанцавала ўцячы. Словамі не перадаць, як мы яму зайздросцілі, але кантроль пасля гэтага ўзмацніўся, зрываючы злосць, фашысты расстралялі некалькіх зусім маленькіх дзяцей. Пасля гэтага нават думак аб уцёках ні ў каго не ўзнікала.
Дзяцей прывялі на чыгуначную станцыю і загналі ў вагоны.
– Ехалі доўга, было душна і цесна. Вельмі хацелася есці і піць, – успамінаў тата. – Многія плакалі.
Вагон з дзецьмі прыбыў у горад Людзеншайд, дзеці апынуліся ў канцлагеры.
Іх агледзелі медыкі, узялі кроў. Дзяцей адправілі працаваць на завод.
Па словах бацькі, у лагеры былі не толькі дзеці, дарослых аддзяляў плот з калючым дротам. Праз гэтую сетку свайго малодшага сына Гену аднойчы і ўбачыла мая бабуля Усціння.
– Мы, забыўшыся пра ўсё, падбеглі да плота, так хацелася абняцца, прыціснуцца, удыхнуць родны пах, – са слязамі распавядала бабуля.
Па словах бацькі, умовы пражывання былі жудаснымі, на тыдзень з ежы давалі буханку хлеба на пілавінні. Бацька з’ядаў сваю ў першы ж дзень. Затым – хадзіў галодны. Зрэдку дзяцей на рабоце падкормлівалі вольнанаёмныя.
Калі пра гэта даведалася бабуля, яна стала прыносіць і перакідваць сыну праз агароджу па кавалачку ад свайго пайка.
Было цяжка. Дзецям праводзілі вакцынацыі, пасля якіх яны ці пакрываліся сыпам, ці пакутавалі ад моцных боляў. Памерла іх нямала…
Тату запомнілася, што ўздоўж тратуараў, па якіх іх вялі на працу, раслі пладовыя дрэвы. Старэйшыя дзеці па магчымасці падбіралі з зямлі ці зрывалі з дрэва плады, а ўвечары падкормлівалі малодшых.
Аднойчы, напрыканцы вайны, бацьку паклікаў адзін з канваіраў, пачаставаў хлебам з кавалачкам мяса і спытаў, ці рускі ён (за пару гадоў у Германіі бацька ужо худа-бедна разумеў мову), распытаў пра бацькоў, сям’ю, затым цяжка ўздыхнуў, пагладзіў бацьку па галаве і пайшоў.
Вызвалілі іх у 1945 годзе войскі саюзнікаў. Бабулі і бацьку прапаноўвалі паехаць у Амерыку на лячэнне, але яны адмовіліся, хацелі хутчэй вярнуцца дадому, бо пра лёс астатніх членаў сям’і не было нічога вядома.
Ім пашанцавала, аднойчы дома за вялікім сталом сабралася ўся сям’я. Сёстры бацькі Валя і Ганна, як аказалася, трапілі ў Польшчу, працавалі на баўэра, даілі кароў, хадзілі за скацінай, мылі бялізну. Ну хоць не галадалі … Вярнуліся і партызаны Міша і Надзя. Дзед Павел трапіў у канцлагер у Францыі, вярнуўся без нагі.
Пра тое, што яны пабывалі ў канцлагерах, сям’я старанна ўтойвала доўгія гады.
Маёй сям’і пашанцавала, нягледзячы ні на што, яны ўсе вярнуліся дадому. Шкада, што такіх выпадкаў – адзінкі…».