Мой дзядуля Аляксандр Сцяпанавіч Вечар (на здымку злева), удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, расказваў пра той час рэдка, мала і заўсёды пры гэтым плакаў.
Калі пачалася Вялікая Айчынная, яму было 22 гады. Паваяваць дзядулю давялося нядоўга – два раненні. Ён быў камандзірам аддзялення. Другое раненне прывяло да інваліднасці: куля доўгі час заставалася ў правай руцэ дзядулі. Пасля таго як дзядулю камісавалі, ён працаваў на пошце ў Расіі, пасля вярнуўся ў родныя Танежыцы. І ўсё жыццё працаваў у сваёй вёсцы.
А плакаў ён, калі расказваў, як маладзенькія неабстраляныя салдацікі ішлі ў бой з адной на траіх-чацвярых вінтоўкай і гінулі… Было страшна, цяжка, вайна – гэта жах, гаварыў дзядуля. Ён узнагароджаны медалём «За адвагу» і іншымі.
Пасля вайны дзядуля ажаніўся з маёй бабуляй Нінай Сямёнаўнай, настаўніцай, яны пабудавалі дом, выхавалі траіх дзяцей. Дзядуля працаваў бухгалтарам, намеснікам галоўнага бухгалтара ў саўгасе, а пасля выхаду на пенсію – у дзіцячым садзіку загадчыкам гаспадаркі. Сумленны, сціплы, адказны, клапатлівы, шчодры і добры – такім запомніўся. У гэтым годзе ён адсвяткаваў бы 100-годдзе…