«У адзін дзень спалілі вёскі Лявішча, Красную Старонку і наша Гондарава…»

Соф’я Міхайлаўна Багдановіч, 1926 г.н., з в. Гондарава ў 1943 – 1944 гадах была сувязной партызанскага атрада. Падчас Вялікай Айчыннай вайны яна бачыла, як нямецка-фашысцкія захопнікі праводзілі на Случчыне карныя аперацыі.

«Было гэта ў 1943 годзе. Аднойчы маці выйшла ў двор за вадой і ў небе ўбачыла самалёт, які кружыўся ўдалечыні над гондараўскім полем і скідваў белыя «мяшкі». Самалёт яна прыняла за вялікую птушку, вакол якой мітусілася нешта белае. А дзядзька Віця, які падышоў у гэты час да яе, адразу зразумеў, што самалёт нямецкі, а белыя «мяшкі» – парашутысты.

…Неяк у вёсцы начавалі два партызаны Айлараў і Бачурын. Немцы іх схапілі. Гэта ўбачылі мы з сястрой Нінай, у якой на руках было малое дзіця. Мы падышлі да іх і, паказваючы на Айларава, сказалі, што гэта Нінін муж, а Бачурын мой брат. Немцы паверылі і не сталі іх забіваць. Партызаны пераначавалі і назаўтра пайшлі.

На другі дзень да нас у Гондарава вярнуліся немцы і паліцаі. У адзін дзень спалілі вёскі Лявішча, Красную Старонку і наша Гондарава. У гэты час я знаходзілася ў стозе сена і ўсё бачыла сваімі вачамі. Людзей забівалі на вуліцы, у хатах. І стаіць перада мной карціна, як фашыст нанізаў на штык ружжа паўтарагадовага браціка маёй стрыечнай сястры, а потым кінуў у палаючую хату…

Страшэнныя зверствы тварылі фашысты. Калі нас, маладых, якіх пакінулі ў жывых для адпраўкі на катаргу ў Германію, вялі па сялу, выбегла мая мама з крыкам: «Куды ты, Зонька?». Да яе падышоў фашыст з медальёнам у выглядзе чэрапа на грудзях, схапіў, завёў у сарай і застрэліў. У гэты час у хаце знаходзіліся двухгадовая пляменніца Валя, старэйшы мой брат Міша. Немец застрэліў Мішу. Калі выйшаў з хаты і завярнуў за сарай, мой брат Ваня, які схаваўся там, кінуўся бегчы да лесу, застрэліў і яго. А Мікалай, таксама мой брацік, схваціў з зямлі замерзлы кавалак конскага навозу і шпурлянуў у фашыста. Той паслізнуўся, упаў і стукнуўся аб лёд галавой. Пакуль немец апомніўся, Мікалай ужо бег да лесу праз калгасны двор. Немцы адкрылі агонь. Колю паранілі ў абедзве нагі. Поцемкамі ён дабраўся да Старэва, а там на варце стаяў уласавец. Пытаецца ў Мікалая, адкуль ён увесь у крыві. А той і кажа, што з Гондарава, дзе немцы паляць вёску і забіваюць людзей. Уласавец, пакачаўшы галавой, сказаў: «Дзіцятка, ты ж папаў з агню ды ў полымя, бо заўтра і Старэва паліць будуць». Брат пайшоў і папярэдзіў людзей. Разам з імі падаўся ў лес. Там ужо пераначавалі. Раніцай Колю пераправілі ў Ціхань, а адтуль завезлі ў Амговічы да цёткі Стэфы. Яна ўгаварыла аднаго спагадлівага паліцая адвезці пляменніка ў бальніцу і сказаць, што гэта яго сын. Так і зрабілі. Паклалі Мікалая ў слуцкую бальніцу як параненага бандытамі сына паліцая… А пасля ён папаў у Старэва. Пабудавалі зямлянку і сталі жыць усе Багдановічы, хто застаўся ў жывых.

Пасля зверскіх распраў над жыхарамі нашых вёсак я трапіла ў турму, дзе мяне агледзела доктарша. Сястра мая, якая жыла ў Слуцку, дала ёй грошай колькі змагла, і мне паставілі дыягназ, з якім не бралі на работу ў Германію. Так мне ўдалося пазбегнуць катаргі. Жыць давялося ў Старэва, у зямлянцы. Крыху пазней я стала партызанскай сувязной».

З успамінаў Ганны Апанасаўны Браткоўскай, ураджэнкі в. Жылін Брод, жыхаркі в. Шантароўшчына

«26 кастрычніка разведгрупа палітрука Мікалая Купрыянава і партызаны атрада імя Фрунзе ўстроілі засаду на шашы Асіповічы – Бабоўня, недалёка ад Жылін Брода. Па іх дадзеных, па дарозе павінна была рухацца калона, а разам з ёю і аўтамабіль грэскага каменданта Лібермана. Напярэдадні бою партызаны папярэдзілі жыхароў нашай вёскі, каб не выходзілі з хат. Мы сядзелі па хатах у трывожным чаканні.

Праз нейкі час пачулі гул машын. Раптам раздаўся моцны выбух, з боку дарогі паваліў чорны дым, пачуліся выстралы, кулямётныя чэргі. Пазней нам стала вядома, што партызаны знішчылі тры аўтамашыны і каля паўсотні нямецкіх салдат і афіцэраў. Адзін з іх цудам вырваўся з засады і даехаў да Грэскага гарнізона на матацыкле. Калі к немцам прыбыла падтрымка, партызан ужо і след прастыў. Яны забралі зброю і скрыліся ў лесе. На наступны дзень у нашай вёсцы з’явіўся атрад карнікаў. Людзей выганялі з хат і збіралі каля дарогі. Ва ўсіх хатах праводзіўся вобыск, але зброі немцы не знайшлі. Нас пагналі ў Грэск, дзе некалькі дзён дапытвалі, хацелі дазнацца, ці не звязаны хто з партызанамі. На допытах прысутнічаў той афіцэр, які ўцалеў. Але, як расказвалі людзі, ён сцвярджаў, што мірныя жыхары ў нападзе ўдзелу не прымалі. Праз некалькі дзён нас усіх адпусцілі дамоў. Праўда, ісці не было куды. Вёска была разрабавана і спалена. Уцалеў толькі дом Бранішэўскіх. Яны там працягвалі жыць, а мы рассяліліся па навакольных вёсках. Мая сям’я перабралася ў в. Беразінец, дзе і жылі мы да 23 лютага 1943 года.

Зналі б жыхары Жылін Брода, куды яны перасяляюцца са спаленай роднай вёскі! 23 лютага 1943 года ў ходзе карнай аперацыі Erntefest яны былі знішчаны разам з жыхарамі вёсак Адамова, Задоўба, Крушнік, Пераходы, Беразінец…

Трэба адзначыць, што сярод жыхароў бытавала думка, што немцы могуць забраць жывёлу, маёмасць, адправіць моладзь у Германію, спаліць вёску, расстраляць за сувязь з партызанамі, але ніхто не мог падумаць, што карнікі будуць забіваць і паліць жыўём жанчын, дзяцей і старых…».

Успаміны запісаў Васіль Цішкевіч,
навуковы супрацоўнік Слуцкага краязнаўчага музея.

Той страшны 1943 год…

Я нарадзіўся ўжо пасля вайны, у 1946 годзе, але на ўсё жыццё запомніў успаміны сваіх родных пра цяжкія гадзіны Вялікай Айчынай вайны.

Першыя дні вайны ў вёскі Мялешкі, Папоўцы нашага раёна амаль не прынеслі вялікай бяды. Яна грукацела залпамі гармат, выбухамі бомбаў дзесьці далей. Праз вёскі праязджалі абозы немцаў, шнырылі паліцаі на веласіпедах. Некалькі разоў рабілі аблавы для адпраўкі маладых людзей на працу ў Германію. Пасля таго як партызаны ўзарвалі некалькі мін, зрабілі «налёт» на драўляны мост, разбілі нямецкі абоз, забілі двух немцаў, у вёскі наехала немцаў і паліцаяў.

Моцны грукат у дзверы і вокны хаты дзеда Сямёна Шыловіча ў Мялешках… Бабуля Аўдоля кінулася адчыняць дзверы. Паліцаі вывелі яе ў двор, білі, каб яна расказала пра сыноў і дачок, якія знаходзіліся ў партызанах: Івана, Адама, Веру, Марыю з мужамі і дзецьмі. Бабуля атрымала шмат цяжкіх траўм, але нічога не сказала паліцаям, сярод якіх быў і аднавясковец Сыцька. Суседзі амаль нежывую ўнеслі яе ў хату. Каля года лячылі яе мазямі з гліны, зёлкамі. Ачуняла бабуля, але здароўе ўжо было падарвана. Потым усе здраднікі атрымалі пакаранні, а некаторыя іх сем’і і сам Бог пакараў.

Мая маці Вольга Сямёнаўна, даведаўшыся пра цяжкі стан сваёй матулі, з Папоўцаў з дзецьмі накіравалася да бацькоў. Узяла з сабой дзесяцігадовую дачку Шуру, сямігадовага сына Валодзю і сына Івана, якому споўнілася два з паловай гады. На вуліцы іх спынілі немцы. Маці сказала дзецям, каб яны не плакалі, узяліся за рукі і пайшлі да дзеда. Пажылы немец фельдфебель і малады рыжаваты павялі маці ў канец Папоўцаў да высокага ветрака. Там яна стала на калені і шаптала словы малітвы, хрысцілася. Яна малілася і плакала, у думках звярталася да сваіх родных і дзяцей. Малады немец узняў аўтамат, а пажылы спыніў яго. Дастаў з кішэні іконку і фотакартку, перахрысціўся, прыпадняў маці. Праз слёзы мама разгледзела на фотаздымку жанчыну і траіх дзяцей. Потым немец выстраліў угару і паказаў маці на дарогу: «Шнэль, матка, шнэль, кіндар». Мама перахрысцілася, перахрысціла і немцаў, цяжкімі нагамі пайшла на дарогу…

Вятрак той стаяў пасля вайны яшчэ гадоў 13 – 15, спраўна працаваў. Мне некалькі разоў давялося разам з баць кам паднімацца на таямнічы млын. Калі ён не працаваў, мы, вясковыя хлопчыкі, гулялі каля яго. Нярэдка да млына падыходзіла мая маці. Яна хрысцілася і расказвала пра той страшны 1943 год. Тады ёй было 35 гадоў…

У 1946 годзе нарадзіўся я. Маці не цуралася працы: добра шыла, ткала, даглядала хатнюю гаспадарку, выходзіла ў калгас на розныя работы. Была ўдзельніцай Усесаюзнай выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве ў 1954 годзе. Дапамагала мужу-лесніку садзіць дрэвы. Больш за 50 гадоў растуць на Случчыне «бацькоўскія» сосны, сярод іх і тыя, што пасадзіў я. І ўжо новае пакаленне садзіць новыя лясы і сады, каб зрабіць наш край яшчэ больш прыгожым, зялёным, шчаслівым.

Міру, далейшага табе росквіту, родная Случчына!
Міхаіл МАСЮК,
«Слуцкі край», 5 сакавіка 2010 г.

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие записи