Урачыстасць з гэтай нагоды адбылася на адным з палеткаў адкрытага акцыянернага таварыства «Вясейскі Пакроў». У раённых засеўках прынялі ўдзел кіраўнікі, галоўныя аграномы, намеснікі кіраўнікоў па ідэалагічнай рабоце сельгасарганізацый раёна. 
Вітаў прысутных старшыня Слуцкага раённага выканаўчага камітэта Андрэй Уладзіслававіч Янчэўскі. 

– Веснавая пасяўная кампанія – самая доўгачаканая пара. Упэўнены, дзякуючы эфектыўнай арганізацыі працы, зладжанай рабоце вашых працоўных калектываў, мы справімся з пастаўленымі задачамі і атрымаем добры ўраджай, – адзначыў Андрэй Уладзіслававіч.  

Свята адмыкання зямлі ўключыла ў сябе шэраг веснавых абрадаў. Там былі і песенная пераклічка суседніх вёсак, і закопванне гаршка з зернем для ўрадлівасці глебы, і сімвалічнае заворванне поля, і збіранне расы ў ручнік, каб у гаспадара было здароўе і моц. Ладзілася мерапрыемства пры ўдзеле творчых калектываў гарадскога цэнтра традыцыйнай культуры, маладзёжнага цэнтра, Казловіцкага народнага хору.

Кульмінацыяй стала засяванне поля зернем, якое сабралі ў агульны кошык усе ўдзельнікі ўрачыстасці. Першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дзмітрый Сяргеевіч Каралёў кінуў першае зерне ў раллю. Благаславіў працаўнікоў сельскай гаспадаркі  на плённую працу іерэй Іаан Вейга.

А потым распачалі работу механізатары: пачалі сяўбу яравых культур. Шэраг арганізацыйных пытанняў абмеркавалі кіраўнікі сельгасарганізацый раёна. Сёлета ў гаспадарках раёна яравыя культуры зоймуць 45 532 гектары, у тым ліку збожжавыя і зернебабовыя  – 14 250 гектараў.  Таксама неабходна падсеяць шматгадовыя травы, перазалужыць сенакосы і пашы, своечасова правесці догляд пасеваў, выканаць іншыя неадкладныя веснавыя работы. Спяшацца земляробаў прымушае час: аптымальныя тэрміны сяўбы кароткія, а плошчы пад яе ў раёне немалыя. 

Па  стане на 11 красавіка ААТ «Вясейскі Пакроў», «Казловічы-Агра», СГФ «Крывая Града» ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат», філіял «Падсобная сельская гаспадарка» ААТ «Слуцкі Аграсэрвіс», СГФ ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат», ДП «Саўгас «Рачкавічы», РСУП «Саўгас «Слуцк»  распачалі сяўбу. Збожжавыя і зернебабовыя культуры пасеяны на плошчы 520 гектараў (4%).

– Канечне, радасна, што выехалі ў поле, што спрыяе нам надвор’е, – гаворыць механізатар ААТ «Вясейскі Пакроў» Анатолій Мікалаевіч Салдаценка. – Што пасееш, тое і пажнеш, кажуць у народзе. Ад нашай работы вясной многае залежыць.

Хуткае правядзенне сяўбы ў спрыяльныя тэрміны – адно з патрабаванняў тэхналогій, таму ўсе сілы ў гэтыя дні накіраваны на веснавое поле.

Ірына КАВАЛЕНКА.











Предыдущая запись

Следующая запись

Похожие записи