У Беларусі шмат помнікаў і абеліскаў, узведзеных у гонар воінаў-вызваліцеляў, мірных жыхароў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Адзін з іх размешчаны ў аграгарадку Красны Бераг Жлобінскага раёна, прысвечаны дзецям – ахвярам вайны. Праўду кажучы, даўно хацела там пабываць.
Гэта памятнае месца называюць яшчэ «дзіцячай Хатынню». Падчас вайны ў вёсцы Красны Бераг нацысты стварылі донарскі назапашвальна-перасыльны пункт, куды фашысты звазілі дзяцей з бліжэйшых раёнаў ва ўзросце ад 8 да 14 гадоў.
Дзяцей мылі і праводзілі медагляд: бралі аналіз крыві, вызначалі групу і рэзус-фактар. На шыю кожнага дзіцяці вешалі бірку з гэтымі дадзенымі, часам указваючы імя і прозвішча. Частку дзяцей вывозілі ў Германію ў іншыя канцлагеры як донараў крыві, астатніх выкарыстоўвалі як рабочую сілу. Усяго з гэтага рэгіёна было вывезена 1 990 дзяцей.
На першым плане мемарыяльнага комплексу – бронзавая фігура дзяўчынкі-падлетка. Паднятымі над галавой тонкімі рукамі, яна нібы абараняецца ад усіх жахаў вайны. На твары боль і бездапаможнасць, нібы моліць Бога абараніць нявінных дзяцей. Яна стаіць на чырвоных каменьчыках – «кропельках крыві». За спіной дзяўчынкі – пусты навучальны клас, у якім маглі б вучыцца дзеці. Але вайна ўсё парушыла. Роўныя рады белых парт… На чорнай школьнай дошцы – ліст бацьку Каці Сусанінай, аддадзенай у рабства гітлераўскаму памешчыку. «Март, 12, Лиозно, 1943 год. Дорогой, добрый папенька! Пишу я тебе письмо из немецкой неволи. Когда ты, папенька, будешь читать это письмо, меня в живых не будет. И моя просьба к тебе, отец: покарай немецких кровопийц. Это завещание твоей умирающей дочери». Словы гэтыя ледзяняць кроў. Даведзеная да роспачы, у дзень свайго 15-годдзя Каця вырашыла скончыць жыццё самагубствам.
Пусты клас… Каменныя пліты… Сэрца пранізвае боль за дзяцей, якія прайшлі фашысцкае пекла.
Са зваротнага боку класнай дошкі – карта Беларусі, дзе адзначаны 16 канцэнтрацыйных лагераў, у якіх утрымлівалі дзяцей, 5 з іх – донарскія.
Рая, Макар, Таня, Косця, Фаня… На белых ветразях «папяровага» карабліка напісана 171 імя. Гэта імёны дзяцей розных нацыянальнасцей, якім удалося выжыць. Паруснік у асяроддзі дзіцячых малюнкаў, аформленых у выглядзе вітражоў у белых рамах. У аснову вітражоў пакладзены сапраўдныя малюнкі дзяцей, зробленыя пасля вайны ў дзіцячай студыі выяўленчага мастацтва. У белых рамах размешчаны таксама павялічаныя амаль да манументальных памераў фігуркі, вылепленыя з пластыліну дзецьмі.
На тэрыторыі мемарыяла створаны музейны комплекс, дзе з дапамогай сучасных тэхналогій і архіўных дакументаў расказваецца аб трагедыі дзяцей ваеннага часу. Музей у Красным Беразе адзіны ў краіне прысвечаны дзецям – ахвярам вайны. Адкрылі яго ў снежні 2024 года.
Мемарыял стаў не проста помнікам – гэта месца памяці і смутку, якое нагадвае пра страшныя злачынствы супраць чалавечнасці і заклікае ніколі не дапусціць паўтарэння падобных трагедый.
Боль, слёзы… Там хочацца проста памаўчаць… Гэты комплекс аб украдзеным вайной дзяцінстве…
Ірына КАВАЛЕНКА.
Фота выкарыстана ў якасці ілюстрацыі.