У 22-м туры Беларусбанк – чэмпіянату па футболе сярод каманд вышэйшай лігі «Слуцк» мінімальна прайграў «Мінску». Каманда застаецца на 5 месцы ў турнірнай табліцы, але…
Усяго на 1 ачко адстаюць «Дынама-Брэст», у якога адна гульня ў запасе, і «Нёман», ды і «Тарпеда-Белаз» на небяспечнай адлегласці ў 2 ачкі. Трывожна.
22 верасня ў «Слуцка» нічога не атрымалася. Усяго 5 удараў па варотах сіламі Віталія Трубілы і Чычы Мусы (InStat), вялікая колькасць страчаных мячоў, пройгрышы ў адзінаборствах і «маўчанне» атакі. Не трэба і статыстыку глядзець, каб канстатаваць, што праблемы ёсць. Няхай разбіраюцца трэнеры і гульцы.
Я ж адзначу, што ўбачыла станоўчае. Радуе ўпэўненая гульня варатара Ільі Бранаўца, які не раз выратаваў ад разгромнага ліку (283 – вышэйшы InStat-індэкс у камандзе). Прыбаўляе і Чычы Муса, гэта відавочна. Стабільна ў лідарах па InStat-індэксе Дзяніс Образаў, у Мурата Хотава другі паказчык (224) у гэтай гульні. Роберт Прымус вяртаецца, гэта таксама плюс.
Павел Зуевіч, лепшы бамбардзір чэмпіянату дублёраў, выйшаў на замену, і гэта цудоўна, часцей бы яму за аснову гуляць.
Галоўны трэнер «Слуцка» Віталій Паўлаў:
– Як можна ацаніць сустрэчу, калі мы прайгралі? Гульня абсалютна не атрымалася па прычыне адсутнасці гульні на флангах. Дагэтуль аднаўляецца ад траўмы Бабко, з-за перабору картак адсутнічаў Кібук, ды і Думбія пакуль не ў лепшых кандыцыях. Нам трэба сабрацца і зрабіць работу над памылкамі на наступныя гульні.
У нядзелю 30 верасня на выездзе «Слуцк» гуляе з «Дынама-Брэст». Неяк ніякавата. Ды спадзяёмся, што ўсё ж каманда здолее сабрацца. Мы ж разам, за Слуцк і «Слуцк»? Павінна быць так!