У XXII рэспубліканскім конкурсе работ даследчыцкага характару навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі случчане Ян Шляхаў і Артур Царыковіч атрымалі дыплом I ступені.
Вучні СШ №11 Ян і Артур займаюцца пад кіраўніцтвам настаўніка інфарматыкі Уладзіміра Анатольевіча Жука. На суд кампетэнтнага журы яны прадставілі праект «TheBestConsultant. Покупки с нами приятнее!», з якім ужо паспяхова выступілі на Балтыйскім навукова-інжынерным конкурсе.
Таксама ў рэспубліканскім конкурсе работ даследчыцкага характару прынялі ўдзел навучэнцы гімназіі №1 пад кіраўніцтвам Таццяны Яўгенаўны Максіменкі: Валерыя Махлай адзначана дыпломам ІІІ ступені ў секцыі «Фізіка», Дзмітрый Макарыч атрымаў пахвальны водзыў у секцыі «Астраномія».
З 2 па 4 сакавіка ў ліцэі Белдзяржуніверсітэта праходзіў навукова-інжынерны конкурс навучэнцаў «Belarus Science and Engineering Fair 2018».
І тут нашы юныя навукоўцы былі, што называецца, на вышыні. Ян Шляхаў і Артур Царыковіч атрымалі дыплом I ступені ў секцыі «Інфарматыка».
Валерыя Махлай з праектам «Мадэль кацера Elco 80 PT 109» (кіраўнікі настаўнік фізікі Таццяна Яўгенаўна Максіменка, педагог дадатковай адукацыі Слуцкага ЦТПТНМ Віктар Васільевіч Патоцкі) атрымала дыплом ІІ ступені ў секцыі «Праектаванне і робататэхніка». Гэту радыёкіруемую мадэль Валерыя ўдасканальвала для ўдзелу ў спаборніцтвах па суднамадэльным спорце.
229 даследчых работ было прадстаўлена на «Belarus Science and Engineering Fair 2018», у фінале абаранялі 65 праектаў. У складзе журы – дактары і кандыдаты навук, супрацоўнікі ўніверсітэтаў і Нацыянальнай акадэміі навук, таксама работы ацэньвалі маладзёжнае і бізнэс-журы.
Ян Шляхаў прыме ўдзел у міжнароднай канферэнцыі ў Сербіі.
Вольга КАВАЛЕНКА,
вучаніца гімназіі №2.