Случчанін Андрэй Сяргееў у складзе дэлегацыі Беларусі прыняў удзел у XIV міжнародным маладзёжным форуме «Сяброўства без межаў» 

Андрэй Сяргееў (на фота другі злева) працуе на Слуцкім цукроварафінадным камбінаце начальнікам тэхнічнага бюро. Ён – лідар пярвічкі БРСМ прадпрыемства, актыўны, вельмі пазітыўны малады чалавек.  Моладзі ў нашай краіне прадастаўляюцца шматлікія магчымасці для развіцця,  прафесійнага ўдасканалення і росту, а вынік залежыць ад асабістага імкнення да гэтага, лічыць Андрэй.

Ён скончыў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, на цукроварафінадным камбінаце прыйшлося пачынаць слесарам. Праз некалькі месяцаў  Андрэй працаваў ужо інжынерам, а яшчэ праз некаторы час узначаліў тэхнічнае бюро. 
– На нашым прадпрыемстве створаны спрыяльныя ўмовы для моладзі, было б жаданне сябе праявіць. Кіраўніцтва нас падтрымлівае, дапамагае, для нашых ініцыятыў – зялёнае святло. І вельмі важна, што маладым давяраюць, ускладваюць на нас надзеі. Гавораць, вам будаваць. Мы і будуем, – усміхаецца Андрэй Сяргееў. – Узрост многіх кіраўнікоў структурных падраздзяленняў камбіната – да 40 гадоў. Наша прадпрыемства прагрэсіўнае, на гэта і моладзь нацэльваюць – быць у ліку лепшых. Так што стараемся трымаць марку. 
Пярвічная арганізацыя БРСМ цукроварафінаднага камбіната адна з самых вялікіх. Але, як адзначыў Андрэй Сяргееў, у яго няма мэты «запісаць» як мага больш маладых людзей у арганізацыю. Той, хто прыходзіць па ўласнай ініцыятыве, і ў жыцці пярвічкі актыўна ўдзельнічае. Спартыўныя спаборніцтвы ўнутры камбіната і паміж прадпрыемствамі галіны, творчыя конкурсы, розныя раённыя мерапрыемствы –  моладзь цукроварафінаднага камбіната заўсёды адклікаецца на прапановы. Нядаўна прывезлі перамогу з міжгаліновага творчага конкурсу. Рыхтаваліся, расказаў сакратар пярвічкі БРСМ, дзесьці паўгода, збіраліся пасля работы і рэпеціравалі. Такія нефармальныя зносіны, лічыць Андрэй, толькі на карысць узаемаадносінам у калектыве, агульнай справе  і рабоце. І калі раней прыходзілася запрашаць маладых людзей да ўдзелу ў мерапрыемствах, то цяпер даводзіцца амаль конкурс праводзіць. 
Як адзін з лепшых маладзёжных лідараў Случчыны Андрэй Сяргееў удзельнічаў у міжнародным фестывалі «Сяброўства без межаў», які праходзіў з 21 па 25 чэрвеня ў Нацыянальным дзіцячым аздараўленчым лагеры «Зубраня» і сабраў моладзь з Літвы, Латвіі, Украіны, Казахстана, Расіі, Кыргызстана, Узбекістана, Сірыі, Вьетнама, Кітая, Камеруна, Азербайджана і іншых краін. У ліку іншых прадстаўнікоў прадпрыемстваў нашай краіны старшыня пярвічкі БРСМ Слуцкага цукроварафінаднага камбіната прэзентаваў вопыт работы з моладдзю ў Беларусі на прыкладзе свайго камбіната, удзельнічаў у рознапланавых сустрэчах, круглых сталах, інтэрактыўных гульнях. 
– Праграма была вельмі насычанай, шмат інфармацыі, шмат зносін, было вельмі цікава, – падзяліўся ўражаннямі Андрэй Сяргееў. – Наша група наведала БелАЭС у Астраўцы, кафедру маладзёжнай палітыкі і сацыякультурных камунікацый Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы, пабывалі ў Дзяржаўным музеі Вялікай Айчыннай вайны. Для нас былі арганізаваны пляцоўкі па абмене вопытам. У кожнай краіне ёсць нешта сваё адметнае, цікавае. Маладзёжныя арганізацыі і аб’яднанні – сучасны трэнд. У Казахстане, напрыклад, развіваецца дыстанцыйнае навучанне, як і ў нас, падтрымліваюць маладых спецыялістаў. Але ведаеце, на маю думку, у нас маладзёжнае пытанне найбольш распрацаванае, можа, таму і праводзіўся фестываль менавіта ў Беларусі. Ва ўсякім выпадку, такі вывад я зрабіў пасля ўсіх прэзентацый, абмеркаванняў. На сустрэчы з Міністрам адукацыі Рэспублікі Беларусь І.В. Карпенка ўзнялі пытанне размеркавання. Некаторыя з замежных гасцей такі падыход ацанілі, добра, калі стартавую пляцоўку дае дзяржава. Вельмі спадабалася атмасфера фестывалю. Такія міжнародныя сустрэчы вельмі карысныя. Яшчэ раз усведамляеш, колькі дзвярэй адкрыта перад моладдзю.
Ірына ШЧАРБОВІЧ.

Похожие записи