Вялікая Айчынная вайна стала суровым выпрабаваннем для ўсяго народа, у тым ліку і для жыхароў Случчыны. Ужо 27 чэрвеня 1941 года Слуцкі раён быў акупіраваны фашыстамі.

Ворагі ўстанавілі сваю адміністрацыйную сістэму, накіраваную на поўнае рабаванне акупаванай тэрыторыі. Слуцк стаў цэнтрам акругі, у склад якой уваходзілі Слуцкі, Капыльскі, Грэскі, Чырвонаслабодскі, Старобінскі раёны. У раёнах былі створаны раённыя ўпраўленні, уведзены каменданцкі час.
З першых дзён акупацыі на тэрыторыі раёна пачалося супраціўленне ворагу. Дзейнічалі Слуцкае падполле, партызанскае злучэнне Слуцкай зоны. Усяго ў раёне дзейнічалі 20 падпольных арганізацый і груп. На тэрыторыі раёна актыўныя баявыя дзеянні вялі партызанскія брыгады: 64-я імя В.П. Чкалава, 225-я імя А.В. Суворава, 95-я брыгада імя М.В. Фрунзэ, 101-я імя К.Я. Варашылава і іншыя асобныя атрады.
Друкаваным органам Слуцкага падпольнага райкама КП(б)Б стала газета «Народны мсцівец». У тыле ворага было выпушчана 77 нумароў газеты агульным тыражом 37 300 экзэмпляраў. У друкарні друкавалі лістоўкі і звароты да насельніцтва. У Грэскім раёне выходзіла газета «Сталінец», орган падпольнага райкама партыі.
Партызаны Случчыны ўпісалі нямала гераічных старонак у гісторыю вызвалення Радзімы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Яны праводзілі на тэрыторыі раёна аперацыі па знішчэнні фашысцкіх акупантаў, тэхнікі, узбраення і маёмасці. Барацьбу з ворагам вялі ўсе: жанчыны, старыя, дзеці. У партызаны ішлі сем’ямі.
Занепакоеныя дзеяннямі партызан у тыле ворага нямецка-фашысцкія захопнікі арганізоўвалі супраць іх шматлікія знішчальныя аперацыі. Але партызаны перамагалі, тады гітлераўцы спальвалі вёскі, знішчалі жыхароў, вывозілі людзей у рабства. З першых дзён акупацыі ў Слуцку былі створаны турма, два гета, лагер для савецкіх ваеннапалонных і мірных грамадзян.
За гады акупацыі гітлераўцы на тэрыторыі Случчыны замучылі, павесілі і спалілі больш за 20 тысяч грамадзян, угналі ў рабства ў Германію больш за 40 тысяч чалавек, знішчылі 35 вёсак і сёл, з іх 15 спалілі з усімі жыхарамі, 12 вёсак так і не адноўлены.
23 чэрвеня 1944 года пачалася Беларуская наступальная аперацыя Чырвонай арміі пад кодавай назвай «Баграціён», у ходзе якой 30 чэрвеня 1944 года горад Слуцк і раён былі вызвалены войскамі 1-га Беларускага фронта. У вызваленні Случчыны вялікую дапамогу воінам аказвалі партызаны.
Васьмі часткам і злучэнням, якія вызначыліся ў баях за вызваленне раёна і горада, было прысвоена ганаровае найменне «Слуцкіх».
Зямля Случчыны паліта  крывёю сыноў і дачок усіх народаў былога Савецкага Саюза. На тэрыторыі раёна знаходзяцца больш за 70 брацкіх магіл, у якіх пахаваныя больш за 1 000 воінаў Чырвонай арміі і партызан, якія загінулі пры абароне і вызваленні Случчыны.
Цяжкімі дарогамі вайны ў складзе Чырвонай арміі прайшлі тысячы случчан. Яны ўнеслі значны ўклад у разгром нямецка-фашысцкіх захопнікаў і агульную перамогу над ворагам.

Похожие записи