Уладзіслаў Калядка і Валерый Піліпенка, навучэнцы 1 курса аддзялення тэхналогіі малочнай вытворчасці па спецыяльнасці «тэхналогія захоўвання і перапрацоўкі жывёльнай сыравіны»


Другі міжнародны конкурс прафесійнага майстэрства сярод навучэнцаў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі па кампетэнцыі «майстар малочнай вытворчасці» адбыўся ў Слуцкім дзяржаўным каледжы 5 і 6 чэрвеня.
Случчына прымала гасцей з тэхналагічнага каледжа г. Савецка, міжнароднага каледжа сыраробства і прафесійных тэхналогій г. Барнаула, каледжа мясной і малочнай прамысловасці г. Россаш (усе – Расійская Федэрацыя). З профільнымі навучальнымі ўстановамі гэтых гарадоў у случчан наладжаны цесныя ўзаемаадносіны, супрацоўніцтва доўжыцца не адзін дзясятак гадоў, адзначыў падчас адкрыцця конкурсу дырэктар Слуцкага дзяржаўнага каледжа Барыс Браніслававіч Блахін, таму смела можна сказаць, што на Случчыну, у каледж прыехалі добрыя сябры. Удачы, поспехаў і цікавых мерапрыемстваў і падзей пажадалі канкурсантам.

Удзел у конкурсе прымалі 8 чалавек, па два ад установы адукацыі. Слуцкі дзяржаўны каледж прадставілі Валерый Піліпенка і Уладзіслаў Калядка (на здымку), навучэнцы 1 курса аддзялення тэхналогіі малочнай вытворчасці па спецыяльнасці «тэхналогія захоўвання і перапрацоўкі жывёльнай сыравіны». Яны цудоўна справіліся з конкурснымі заданнямі (тэорыя і практыка), набралі вышэйшыя балы і занялі першыя месцы. Таксама дыпломам I ступені адзначана навучэнка міжнароднага каледжа сыраробства і прафесійных тэхналогій (г. Барнаул) Маргарыта Чарданцава.

Самая складаная частка конкурсу, вядома, практычная: удзельнікі варылі адыгейскі сыр. А ацэньвалі вынік такой творчай работы маладых сыраробаў па новым дзяржстандарце 2017 года.

– Тут важна не толькі правільна выбраць склад, прапорцыі, захаваць тэхналогію працэсу, – гаворыць Уладзіслаў Калядка, – але патрэбна і інтуіцыя: не пераварыць, каб атрымаўся найлепшы смак.

– Варыць сыр – гэта свайго роду мастацтва, – дадае Валерый Піліпенка, – трэба кантраляваць працэс і разумець яго, адчуваць, а адзін з этапаў – нават прамацаць згустак уручную. Калі ператрымаць або недаварыць, гэта будзе ўжо іншы сыр.

Абодва нашы пераможцы ўжо атрымалі прафесійную адукацыю ў каледжы, а цяпер працягваюць навучанне на больш высокай ступені. Валерый прыехаў з Гомельскай вобласці. Дарэчы, ужо некалькі гадоў запар выпускнікі Бабровіцкай сярэдняй школы (Калінкавіцкі раён) вучацца ў Слуцкім дзяржаўным каледжы і вельмі задаволеныя: падабаюцца ўмовы, добра наладжаны навучальны працэс, расказаў Валерый.

Уладзіслаў Калядка выпускнік Казловіцкай сярэдняй школы. Калі выбіраў прафесію, раіўся з бацькамі. Пасля заканчэння каледжа плануе паступаць у вышэйшую навучальную ўстанову.

Уладзіслаў і Валерый удзячныя сваім педагогам за падрыхтоўку да конкурсу, за атрыманыя веды.

Загадчыца вучэбнай часці міжнароднага каледжа сыраробства і прафесійных тэхналогій (Барнаул) Іна Мікалаеўна Шаптала адзначыла высокі ўзровень арганізацыі конкурсу, удзел у такіх мерапрыемствах стымулюе і выкладчыкаў, і навучэнцаў. Яна падзякавала за цёплы прыём, за насычаную культурную праграму: госці пабывалі з экскурсіямі ў Мінску і Слуцку, наведалі Слуцкі сыраробны камбінат. Уразіў зімовы сад Слуцкага дзяржаўнага каледжа, этнаграфічная майстэрня «Скарбніца» і іншае.

Супрацоўніцтва будзе пашырацца, абмен вопытам працягнецца.

Ірына ВЕЧАР.








Похожие записи