Рэспубліканскі фестываль аматарскага тэатральнага мастацтва “Тэатральныя скрыжаванні” ў Слуцку распачаўся з тэматычнай экспазіцыі ў фае гарадскога Дома культуры, дзе журы і гледачы змаглі яшчэ глыбей акунуцца ў святочную тэатральную атмасферу.

Гасціннасць Слуцкай зямлі і адметнасць случчан падкрэсліў старшыня журы – заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне», кавалер ордэна Францыска Скарыны, прафесар – Уладзімір Мішчанчук:

– Тое, што робіць Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, галоўнае ўпраўленне культуры Мінскага аблвыканкама, дзяржаўная ўстанова Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці і сам Слуцк, які два гады таму быў культурнай сталіцай нашай краіны, гэта такая важная з’ява ў жыцці не толькі случчан, але і для ўсіх тых, хто прыехаў сюды на “Тэатральныя скрыжаванні”. У афішы і Віцебск, і Брэст, і Магілёў… Усе прыхільнікі тэатра збіраюцца тут, у Слуцку. Бачна, як да свята рыхтаваўся горад, як рыхтаваліся выканаўцы з усіх калектываў. Гэта сведчыць аб тым, што наша справа, наша тэатральнае мастацтва жыве і будзе жыць. Ідзе крываабмен паміж тым, што адбываецца на сцэне, і гледачамі. І калі чалавек выходзіць з глядзельнай залы пасля таго, што ён убачыў, і з ім адбылося нейкае пераасэнсаванне каштоўнасцей, значыць артыст на сцэне нездарма працуе.

– Калісьці педагогі нам гаварылі падчас вучобы ў тэатральным інстытуце “Лепш быць выдатным аматарам, чым дрэнным прафесіяналам”. І некаторыя аматарскія тэатры нас так уражваюць, мы ў іх вучымся. Безумоўна мы чакаем розных адкрыццяў. Кожны раз, калі прыязджаем на фестываль, мы адчуваем прыгажосць, радасць, задавальненне, натхненне, – адзначыла заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, актрыса, вядучы майстар сцэны, тэлевядучая, член Рэспубліканскага грамадскага абʼяднання “Беларускі саюз кінематаграфістаў” Ірына Нарбекава.

Адкрыў тэатральныя дні ў Слуцку дыпломны спектакль выпускнікоў Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў “Двор майго дзяцінства”.

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие записи