Залатымі фарбамі зіхацяць палеткі – прыкмета таго, што зерне становіцца гатовым да ўборкі. У многіх сельгасарганізацыях нашага раёна прыступілі да ўборкі рапсу, іншых збожжавых культур. Не выключэнне і філіял «Падсобная сельская гаспадарка «Наша Ніва» мясакамбіната.

– Сёлета ўборачная кампанія мае быць даволі напружанай, – гаворыць галоўны аграном  сельгасарганізацыі Ігар Кракасевіч. – Адначасова падышлі да ўборкі і азімы рапс, і яравы ячмень, і пшаніца. Таму давядзецца працаваць больш заўзята. Зараз жнём рапс і яравы ячмень.  Апошні ўрадзіў крыху горш, чым азімы, якому па вясне дасталося больш вільгаці і сонца. Але важна ўбраць у тэрмін і без страт. Асноўныя сілы зараз – на ўборку рапсу, гэта  эканамічна выгадная культура. Асабліва гібрыды даюць добры ўраджай. Выбарачна ўжо ўбралі і некаторыя ўчасткі пшаніцы, гэта культура ў нас займае 65 – 70% пасяўных плошчаў.

А вось на зерне-ачышчальна-сушыльных комплексах сельгасарганізацыі зараз крыху менш работы, чым у мінулым годзе: збожжа паступае амаль усё з належным працэнтам вільготнасці, таму праходзіць толькі ачыстку.

– Жнём яравы ячмень,  – расказвае механізатар сельгасарганізацыі Сяргей Шуманскі. – Спякота. Добра – кандыцыянер у кабіне.

За штурвалам камбайна Сяргей Іванавіч 25 сезон. З Донам-1500 ён пасябраваў надзейна яшчэ ў 2004, вывучыў яго як след. Ды і праца ў полі падабаецца. А як інакш! Кажа, толькі любіўшы справу, будзеш ёй адданы. А праца на жніве патрабуе загартоўкі, бо зранку і да позняга вечара іншы раз даводзіцца працаваць.

Каля дзесяці рэйсаў на МАЗе  ў  дзень  робіць Віктар Бартошык, які адвозіць збожжа ад камбайна. «Вось ён, вынік працы хлебароба», –  паказваючы на спелае ў  прыгаршчы зерне, гаворыць Віктар.

На полі арганізавана дзяжурства адказных спецыялістаў, машыны з вадою ў цыстэрне. Сюды ж падвозіцца гарачае харчаванне для ўдзельнікаў жніва.

* * *

Дарэчы, у нашым раёне самыя вялікія ўборачныя плошчы азімага рапсу. Гэта 8 950 гектараў. Па стане на 21 ліпеня ўжо ўбрана 55% плошчаў. А вось па ўраджайнасці мы пакуль што на трэцім месцы ў вобласці – 28,3 ц/га. Апераджаюць нас Нясвіжскі (36,5 ц/га) і Мінскі (28,4) раёны.  

Актыўна вядзецца ў раёне ўборка збожжавых і зернебабовых культур, якія займаюць  звыш 34 640 гектараў. Па стане на 21 ліпеня ўбраны 14 % адведзеных плошчаў. Гэта адзін з лепшых паказчыкаў у вобласці. Ураджайнасць складае 49 ц/га, што вышэй мінулагодняга.

Наталля ГРАМЫКА.

Похожие записи