Для многіх наведванне ўрача-стаматолага становіцца сапраўдным выпрабаваннем. Экскурсію ў царства «зубной феі» лепш пачынаць у кампаніі з добрым суправаджаючым. Урач-стаматолаг-хірург стаматалагічнай паліклінікі г. Слуцка Сяргей Уладзіміравіч Іокша прызнаецца, што ён і сам у дзяцінстве баяўся садзіцца ў стаматалагічнае крэсла.

– Страшна бывае і дзецям і сталым людзям, – кажа доктар. – Мы выкарыстоўваем сучасныя матэрыялы і лекі, ды і абсталяванне зараз – высакахуткаснае. Няма чаго баяцца. Страхі, вядома ж, у асноўным з дзяцінства. Праблема ж у тым, што часта людзі звяртаюцца па дапамогу да стаматолага, калі ўжо «прыпякло», боль нясцерпны і таблеткі не дапамагаюць. Так што наведвайце стаматолага своечасова, хаця б раз у год прыходзьце на прафілактычны агляд.
Сяргей Уладзіміравіч працуе ў Слуцкай стаматалагічнай паліклініцы з 2010 года. З 2011 года – на пасадзе ўрача-стаматолага-хірурга першай катэгорыі. Скончыў аспірантуру.
– Чаму стаматолаг? З дзяцінства падабалася мне прафесія ўрача, – расказвае Сяргей Уладзіміравіч. – У мяне мама пачынала працаваць на станцыі хуткай дапамогі, а потым каля 20 гадоў працавала фельчарам. Калі падышоў час выбару спецыяльнасці, зацікавіўся стаматалогіяй. Прафесія цікавая, імкліва развіваюцца тэхналогіі, гэта ў тым ліку стымулюе да самаўдасканалення.
У мінулым годзе кабінет, у якім працую, быў цалкам абсталяваны для хірургічнага прыёму, у памяшканні зрабілі капітальны рамонт, закуплена новая тэхніка. У кабінеце мы робім усе неабходныя хірургічныя лабараторныя маніпуляцыі.
Асноўны напрамак маёй працы – імплантацыя зубоў. У Беларусі гэта толькі  развіваецца. Імплантат замяняе корань выдаленага зуба, на яго ставіцца каронка. Паміж ужыўленнем імплантата і пратэзаваннем (устаноўкай каронкі) павінен прайсці пэўны час. У Слуцку гэты від паслугі пакуль не самы папулярны.
У артапедычным аддзяленні нашай паліклінікі працуе і мая жонка Алена Міхайлаўна.
Свой вольны час праводжу з сям’ёй. З жонкай і дзіцем наведваем бацькоў.
Ірына МАЛЯЎКА.

Похожие записи