В.М. Бордак, С.А. Хвясько.

Ліпень для працаўнікоў аграрнай галіны сапраўды гарачы – пачынаецца напружаны перыяд уборачнай кампаніі. Калі збожжа яшчэ даспявае, то вось для рапсу ўжо падышла пара. 

Шчыруюць на палетках работнікі  сельскагаспадарчага філіяла ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат». У аўторак рупліўцы працавалі каля вёскі Квасынічы.

– Рапс у нас сёлета добры, парадаваў: з гектара атрымліваем па 23,3 цэнтнера. Добрая глеба ў сельгасарганізацыі, своечасова ўнеслі пад культуру комплексныя мікраэлементы – гэта дало плён. Азімы  рапс займае ў гаспадарцы 812 гектараў.  Больш за 70 гектараў культуры страцілі падчас зімоўкі, таму гэтую плошчу засеялі яравымі, – расказвае выконваючы абавязкі галоўнага агранома сельскагаспадарчага філіяла ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат» Сяргей Аляксандравіч Хвясько. – На ўборцы задзейнічаны 12 камбайнаў, дапрацоўваем насенне рапсу на двух зернесушыльных комплексах. 

За дзень у сельскагаспадарчым філіяле абмалочваюць больш за 100 гектараў. Ужо прыступілі і да выканання дзяржзаказу: пастаўляюць насенне рапсу на Слуцкі камбінат хлебапрадуктаў.

Механізатары працуюць на палетках увесь светлавы дзень. Яны добра разумеюць, што абмалочваць рапс складаней, чым убіраць збожжавыя культуры. Каб знізіць страты насення рапсу, ад камбайнера патрабуюцца адмысловая кемлівасць і майстэрства, і ў першую чаргу, рэгуляванне камбайнаў з улікам надвор’я і рэльефу поля.

– Малайцы нашы механізатары ды вадзіцелі, працуюць добрасумленна, у напружаным рытме, да позняга вечара, – пахваліў працаўнікоў начальнік участка Сяргей Георгіевіч Гурбо. – Усе стараюцца. Ідуць уровень.

У іх ліку камбайнеры Уладзімір Уладзіміравіч Маршын, Яўгеній Сяргеевіч Нядзелька, Вадзім Мікалаевіч Бордак, Максім Міхайлавіч Шостак, вадзіцелі Анатолій Мікалаевіч Каравай, Мікалай Іванавіч Куніцкі, Аляксандр Сяргеевіч Жаўтагірка і іншыя.

Занятых на ўборачнай забяспечваюць гарачым харчаваннем, пітной вадой. Давялі да іх умовы працоўнага спаборніцтва. Прадугледжаны і меры заахвочвання.

Пра віды на ўраджай у сельгасфіліяле загадваць не сталі, тым больш, што часткова  засуха паўплывала на збожжавыя культуры,  але спадзяюцца на добры вынік.

Па стане на 11 ліпеня ў сельгасарганізацыях раёна рапс убраны з 58% неабходнай плошчы. Сярэдняя ўраджайнасць культуры па раёне складае 17,1 цэнтнера з гектара, лепшы  паказчык – у эксперыментальнай базе «Танежыцы» (25 ц/га).  Тым часам у некаторых сельгасарганізацыях раёна распачалі ўборку збожжавых.

Ірына КАВАЛЕНКА.

Похожие записи