Вынік барацьбы з каронавірусам, відавочна, залежыць ад многіх фактараў: ад адказнасці кожнага з нас у выкананні неабходных гігіенічных, сацыяльных патрабаванняў, ад прафесіяналізму медыкаў, забяспечанасці лекамі і індывідуальнымі сродкамі аховы. Даручэнне Кіраўніка нашай дзяржавы па выпуску індывідуальных сродкаў аховы выконваюць і на Случчыне.
Як паведамілі ў аддзеле эканомікі Слуцкага райвыканкама, шэраг прадпрыемстваў, прыватнікаў аператыўна перапрафілявалі вытворчыя магутнасці, каб забяспечыць патрэбы медустаноў, арганізацый, насельніцтва ў сродках індывідуальнай аховы. Напрыклад, наладжана вытворчасць ахоўных масак на прадпрыемствах: «Слуцкая фабрыка пашыву адзення», «Слуцкія паясы», «Гранд-Партнёр», у лячэбна-працоўным прафілакторыі №3 і іншых арганізацыях.
Карэспандэнт «Слуцкага краю» пабывала ў атэлье «Купалінка» адкрытага акцыянернага таварыства «Слуцкая фабрыка пашыву адзення», дзе шыюць ахоўныя маскі. Загадчыца атэлье Ядвіга Уладзіміраўна Гога расказала, что на вытворчасці гэтых запатрабаваных вырабаў у атэлье задзейнічаны шэсць чалавек. Цяпер шыюць мнагаразавыя санітарныя маскі для шэрагу арганізацый Случчыны. Працаўніцы стараюцца, гавораць, гэта асабліва важная цяпер вытворчасць.
Як я даведалася, на Слуцкай фабрыцы пашыву адзення вытворчасць ахоўных масак наладзілі з 6 красавіка: выпускаюць мнагаразавыя санітарныя маскі з марлі і баваўнянай тканіны, а таксама аднаразовыя – са спанбела. Акрамя «Купалінкі» маскі шыюць таксама ў атэлье «Сілуэт». За дзень на фабрыцы вырабляюць 1 500 – 2 000 масак, прадукцыю адгружаюць у асноўным на прадпрыемствы, у арганізацыі раёна.
А ў цэху масавага пашыву фабрыкі для работнікаў медустаноў і арганізацый шыюць аднаразовыя камбінезоны і халаты са спанбела – у сярэднім за дзень каля 200 камбінезонаў альбо 300 халатаў.
Наталля СЕЛЯЗНЁВА.