На падворку сям’і Мурашкаў у вёсцы Бязверхавічы – проста рай. Кветак – якіх толькі душа пажадае – яркія ірысы, флёксы, каны, клематысы, цэлозія і многія-многія іншыя. Кожная расліна займае адпаведнае месца – на клумбах, у гаршэчках уздоўж дарожкі да дома ці каля ганка. У гэтым каляровым кветкавым карагодзе забываеш пра ўсё непрыемнае, так святочна робіцца на душы.
Ды не толькі разнастайнасцю кветак уражвае гэты падворак – а і дрэвамі, іншымі раслінамі. Радуюць сакавітымі чырванабокімі пладамі яблынькі, а яшчэ на ўчастку растуць вішні, грушы, айва, пірамідальныя туі, агрэст, грэцкія арэхі, іншыя экзатычныя расліны, у тым ліку нават ківі!
Выдатны агарод, як і належыць, з бульбачкай, агуркамі, таматамі, цыбуляй, часнычком, перчыкамі, гарбузамі, іншай агароднінай… Паважна паходжваюць у спецыяльнай клеці куры, шчыплюць сакавітую траву індыкачкі, «назірае» за гаспадаркай вялікі сімпатычны сабака Барс.
Самае галоўнае адрозненне гэтага падворка – арыгінальнае афармленне. Ёсць тут прыгожы сялянскі вазок і лаўкі з бярвенняў, міні-фантан з фігуркай казачнага слімачка, каляровыя агароджы, цэментавыя «скульптуры» сабачак. Усё гэта зроблена рукамі гаспадароў, як гаворыцца, з падручнага матэрыялу (дошак, арматуры, цэглы і іншага) – з фантазіяй і любоўю. А яшчэ тут выкарыстоўваюць новыя тэхналогіі – для падагрэву вады ў летні перыяд прымяняюць сонечныя батарэі.
– Мы з жонкай на пенсіі, аднак не любім сядзець склаўшы рукі, – гаворыць гаспадар сядзібы Аляксандр Цімафеевіч Мурашка. – Канечне, падворак, агарод патрабуюць нямала намаганняў, аднак мы прывыклі да такога ўкладу – трэба, каб дома, на прыдамавой тэрыторыі прыгожа, утульна было. Дзеці, унукі прыязджаюць, канечне, дапамагаюць нам.
Аляксандр Цімафеевіч па адукацыі аграном, 37 гадоў узначальваў прадпрыемства «Сортна-сенагародніна», а агульны стаж яго работы на гэтым прадпрыемстве 42 гады. Больш за 30 гадоў адпрацавала фельчарам у Слуцкім доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў жонка Аляксандра Цімафеевіча Галіна Якаўлеўна.
– Не трэба ленавацца, сумаваць на пенсіі, – гавораць ветэраны. – Трэба знаходзіць сабе занятак па сілах і душы.