У двары каля дома №300/I на вуліцы Леніна ў Слуцку нядаўна ўстанавілі новы гульнёвы дзіцячы комплекс.
Вінтападобная горка, арэлі, арэлі-вяртушка, пясочніца – усяму гэтаму вельмі рады юныя жыхары мікрараёна. Напрыклад, другакласніца Лера Вярбіцкая і яе сяброўка Даша Карташэвіч цяпер з асаблівай ахвотай гуляюць у двары дома: вельмі падабаецца дзяўчынкам катацца на арэлях-вяртушцы, а яшчэ скочвацца ўніз па прыгожай горцы. Новая яркая горка замест ранейшай непрэзентабельнай і старэнькай з’явілася каля дамоў №57, 59 на вуліцы Віленскай – таксама радасць для дзетак і іх бацькоў.
Як расказалі ў Слуцкай жыллёва-камунальнай гаспадарцы, усталяванне дзіцячых дваровых атракцыёнаў праведзена па просьбах гараджан, уладкаванне зроблена за бюджэтныя сродкі. Як адзначыла Алена, адна з жыхарак дома №57 на вуліцы Віленскай, прыемна, што мясцовыя ўлады, камунальная служба чуюць случчан, прымаюць меры па рашэнні іх запытаў.
Наталля СЕЛЯЗНЁВА.