Сярэдзіна жніўня – гарачы час жніва, а яшчэ – уборкі льну. ААТ «Слуцкі льнозавод» прыступіла да перапрацоўкі сыравіны новага ўраджаю.
Дырэктар ААТ «Слуцкі льнозавод» Віктар Уладзіміравіч Арастовіч расказаў пра гэта карэспандэнту «Слуцкага краю»:
– Сёлета сыравінная зона Слуцкага льнозавода складае 4 179 гектараў, з іх 2 668 – у Слуцкім, 379 – у Салігорскім, 1 145 – у Капыльскім раёнах.
На 70% агульнай плошчы завершана церабленне. Цяпер на прадпрыемстве працуюць 270 чалавек, прыцягваюцца да работ па ўборцы ўраджаю гаспадаркі і прадпрыемства раёна, дапамагаюць суседзі з Капыльскага і Салігорскага раёнаў.
Віктар Уладзіміравіч падзяліўся, што ў 2019 годзе прадпрыемства закупіла 15 ільноўборачных камбайнаў, 15 прычэпаў да іх, камбайн КЗС-1718, два аўтамабілі МАЗ і тры апырсквальнікі. Недахопу ў абсталяванні няма.
Ураджайнасць ільну ў гэтым годзе вышэй леташніх паказчыкаў, каля 8 – 9 цэнтнераў з гектара. Сярэдні нумар валокнаў складае 0,69.
– Завод працуе на поўную магутнасць, запушчаны стары і новы цэхі, людзі працуюць у тры змены. Сярэдні выхад ільновалакна складае прыкладна 25%, з якіх доўгае валакно – каля 5%, – адзначыў Віктар Уладзіміравіч. – У гэтым годзе мы плануем сабраць 16 500 тон трасты пры сярэдняй ураджайнасці 35 – 36 цэнтнераў з гектара. Каб перапрацаваць гэты ўраджай да новага сезона, у верасні завод плануе пачаць працаваць у чатыры змены. У 2019 годзе завод перапрацоўваў у сярэднім 1 100 – 1 200 тон ільнотрасты ў месяц, – адзначыў В.У. Арастовіч. – За суткі завод перапрацоўвае ў сярэднім каля 35 – 40 тон. Пакуль спрасавана ўсяго 5% ільнотрасты. Разлічваем, што якасць ільновалакна вышэй, чым у мінулым годзе.
Ірына МАЗУРА.