У сям’і случчан Аксаны Мікалаеўны і Мікалая Мікалаевіча Цітовых – трое дзетак: дачушкі-школьніцы Вольга і Вікторыя і маленькі Дзіма, які наведвае дзіцячы сад.

«Быць мнагадзетнай маці не марыла. Проста наш тата вельмі хацеў сыночка, які нарадзіўся ў нас трэцім! Вось так і атрымалася вялікая, дружная сям’я. Думала, што на ўсіх не хопіць часу, – прызнаецца Аксана Мікалаеўна. – Але гэта не так. Справа ў тым, што дапамагаюць і муж, і старэйшыя дзеткі. Іх падтрымка – вельмі важнаяі каштоўная. Відаць, такой і павінна быць сапраўдная сям’я – вялікай і дружнай, дзе кожны дапамагае, клапоціцца пра іншага».

Старэйшая дачушка Вольга вучыцца ў сёмым класе. Пра сваю матулю расказвае з асаблівай цеплынёй: «Наша мама – самая прыгожая, добрая, заўсёды падтрымае ў цяжкую хвіліну, выслухае нас, – гаворыць дзяўчынка. – А як гатуе наша мама! Вельмі хочацца быць падобнай на яе, калі ў матулі ёсць вольны час, выпякаем разам, асабліва добра ў нас выходзіць шарлотка».

– А я люблю пасля школы пагуляць з малодшым брацікам – гэта мой любімы занятак дома, – прызнаецца сярэдняя Вікторыя, чацвёртакласніца. – А матуля за гэты час прыгатуе, пасцірае, прыбярэ ў кватэры. Таму дома ў нас утульна, чыста! Мне падабаецца жыць у вялікай сям’і – весела. Калі вырасту, то, думаю, у мяне таксама будзе дружная сям’я. А яшчэ ў нас ёсць кот Цігр – мы ўсе яго любім.

– Галоўнае, любіць дзяцей, разумець іх, атуліць увагай. Бо кожнае дзіця – індывідуальнасць, асоба, са сваімі інтарэсамі. Сапраўдная маці знойдзе час падысці да кожнага, – лічыць Аксана Мікалаеўна. – Для любой маці яе дзеці самыя лепшыя. Нашы дзеці «шукаюць» сябе: старэйшая

Вольга займаецца лёгкай атлетыкай, ездзіць на спаборніцтвы, сярэдняя Вікторыя наведвае тэатральны гурток, а маленькі любіць пагуляць з татам у розныя рухомыя гульні. Я ўсіх іх моцна люблю!

– Ганаруся, што ў мяне такая цудоўная жонка, працавітая, клапатлівая, добрая маці, – гаворыць Мікалай Мікалаевіч. – Люблю вяртацца дадому, бо ведаю: тут  чакаюць з нецярпеннем, ды і самому цікава даведацца, як прайшоў дзень, што новага ў нашых дзетак.

Муж Аксаны Мікалаеўны працуе вадзіцелем у раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях. Сама жанчына – сацыяльным работнікам.

– Праца нялёгкая, дадому прыходзіш стомленай, але ж якое шчасце, што і тут ты такі патрэбны і любімы чалавек! – гаворыць Аксана Мікалаеўна. – Выхадныя асабліва любім. На дачу, у лес, да бабулі, у госці, у забаўляльныя цэнтры ў Слуцку, Салігорску і Мінску, – усюды разам! Запомніўся і адпачынак на Чорным моры, на Браслаўскіх азёрах. Яшчэ адзін любімы занятак з дачушкамі ў вольны час – алмазная мазаіка, вырабляем карціны. Быць матуляй – вялікае шчасце. А дружная сям’я, якая падтрымае, – гэта шчасце ўдвайне.  

Наталля ГРАМЫКА.

About Author
admin
View All Articles

Похожие записи