У рэдакцыю газеты патэлефанавала жыхарка Узды Ірына Гладкая і дзякавала старшыні Рачкавіцкага сельвыканкама Наталлі Хатэнка за дапамогу ў вырашэнні праблемнага пытання. «Гэта шчыры, адкрыты і добразычлівы чалавек, – гаварыла жанчына. – Відаць, што яна ўкладае душу ў сваю работу. Падзякуйце ёй». Сапраўды, Наталля Хатэнка – чалавек, у якога словы не разыходзяцца са справамі. Яна адчувае сябе патрэбнай аднавяскоўцам, і разумее, якая адказнасць на ёй ляжыць за будучыню вёскі, за людзей, адданых зямлі.
Як кажа старшыня сельвыканкама, выніковай работа будзе тады, калі кіраўнікі арганізацый і ўстаноў будуць працаваць у адным напрамку, а дакладней – дапамагаць адзін аднаму. Ды ўзаемадзеянне з насельніцтвам неабходна. 
– Зразумела, узнікаюць і цяжкасці. Кожны дзень – новыя пытанні, скаргі і падзякі. Людзі бачаць нашу работу і хочуць большага, – расказвае Наталля Хатэнка. 
Яе серабрыстая «Ніва» шпарка імчыць па дарозе, толькі пыл клубіцца. Спяшаемся ў Чапліцы: прыехалі касцы, ім неабходна паказаць, дзе наводзіць парадак. 
– Куды ў першую чаргу ідуць вяскоўцы са сваімі праблемамі? У сельвыканкам. Людзі звяртаюцца з рознымі пытаннямі, заўсёды стараемся дапамагчы, – гаворыць старшыня сельвыканкама. –  На тэрыторыі сельсавета пражываюць 1 600 грамадзян, на жаль, колькасць насельніцтва змяншаецца, хоць у нас ёсць і мнагадзетныя сем’і ды ў саўгасе «Рачкавічы» забяспечваюць работнікаў жыллём. Дарэчы, нядаўна дапамаглі мнагадзетнай маці за сямейны капітал набыць добраўпарадкаваннае жыллё ў Танежыцах. Мы ведаем усё пра жыццё вяскоўцаў ад нараджэння.
Тэлефонны званок ад дырэктара саўгаса «Рачкавічы» Мікалая Красуцкага прыпыніў нашу размову. Аднаму з вяскоўцаў неабходна дапамога, таму Наталля Хатэнка пазваніла сацыяльнаму работніку тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў Лядна…
– Што тычыцца аграгарадка Лядна, то сёлета ён будзе ўдзельнічаць у рэспубліканскім аглядзе-конкурсе. Таму ў населеным пункце праводзяць пэўныя работы па добраўпарадкаванні. Вось заасфальтавалі дарогу па вуліцы Маладзёжнай (не раз узнікалі пытанні наконт яе стану), абпільваюць дрэвы ўздоўж аўтадарогі Р-43. А ў выхадныя дні плануем арганізаваць работы па афарбоўцы агарожды, жыллёва-камунальная гаспадарка прадаставіць фарбу, – расказвае старшыня сельвыканкама.  
Дапамогу ў навядзенні парадку ў Лядна аказвае саўгас «Рачкавічы». Не толькі тэрыторыю акошваюць. Раней у аграгарадку за сродкі сельгасарганізацыі ўладкавалі дзіцячую пляцоўку, там жа – і трэнажоры ёсць. 
Наталля Хатэнка расказвала, што Мікалай Красуцкі – сапраўдны гаспадар на сваёй зямлі. Усе пустуючыя ўчасткі ён уключае ў севазварот, толькі пару засталося. Вялікая работа праведзена ў дадзеным кірунку. Далучаецца і ААТ «Вітка-Агра». 
– У Танежыцах і Чапліцах больш за 20 участкаў ужо ўбралі, землі будуць уключаны ў севазварот. Калі дом прыдатны для пражывання, імкнемся яго прадаць. Вёска павінна жыць. Людзі зацікаўлены ў набыцці дамоў, тэлефануюць, пытаюць, – адзначае Наталля Хатэнка. – З улікам гэтага і будзем планаваць далейшую работу. 
Старшыня сельвыканкама расказвала, што ў вёсцы Пятніцы ўжо ніхто не жыве, а некаторыя грамадзяне панадзіліся туды вывозіць смецце. Таму ў наступным годзе запланаваны работы ў адносінах да 9 безгаспадарных дамоў вёскі. У Новых Рачкавічах дырэктар саўгаса «Рачкавічы» паклапаціўся, каб вадаправодныя сеткі былі перададзены на баланс «Слуцкводаканала» і ў людзей была чыстая вада, таксама зроблена тэхнічная дакументацыя на вадаправодныя сеткі ў Лядна. Ужо ёсць праект, і на вуліцах Кірава і Гагарына таксама будзе якасная вада. Для паляпшэння жыцця вяскоўцаў у саўгасе плануюць пабудаваць васьмікватэрны дом, а пакуль што рамантуюць іншыя дамы, падводзяць да іх газ, ваду, каб было зручна работнікам сельгасарганізацыі. 

…За размовай не заўважыла, як прыехалі ў Лядна. Пад’ехалі да дзвюх жанчын – гэта сацыяльныя работнікі Аксана Коберац і Наталля Касцюкевіч.
– У нас няма пытанняў да старшыні сельвыканкама, яна заўсёды на сувязі. Дарэчы, наш сельсавет самы лепшы. Паглядзіце, як у нас прыгожа, – адзначылі жанчыны.
 – Тэрыторыя населеных пунктаў адлюстроўвае нашы адносіны да сваёй малой радзімы, – упэўнена Наталля Хатэнка. – Добра, калі гэта разумеюць і кіраўнікі арганізацый, і мясцовыя жыхары. Таму суботнікі па навядзенні парадку на тэрыторыі сельсавета – звычайная справа. Мы самі павінны клапаціцца пра прыгажосць роднага краю, яго далейшае развіццё, ад нас залежыць будучыня нашай краіны.
Ірына КАВАЛЕНКА.

Похожие записи