Напярэдадні прафесійнага свята чыгуначнікаў карэспандэнт «Слуцкага краю» сустрэлася з работнікамі станцыі «Слуцк» РУП «Магілёўскае аддзяленне Беларускай чыгункі».

 Як расказаў начальнік  станцыі Павел Валяеў,  у ліку  асноўных дзелавых партнёраў  станцыі застаюцца Слуцкія цукроварафінадны камбінат і камбінат хлебапрадуктаў, Слуцкі лясгас. Прадукцыю перавозяць па ўсёй краіне і за яе межы.

– Перавозім і новыя грузы, – адзначыў Павел Анатольевіч. – Сёлета камбінат хлебапрадуктаў пачаў пастаўляць на экспарт алей рапсавы ў кантэйнерах. Дарэчы, зараз кантэйнерныя перавозкі ўсё больш карыстаюцца попытам. У кантэйнерах, да прыкладу, адпраўляюць і цукар у Кітай. Вядзём работу па прыцягненні новых кліентаў. У гэтым годзе сваю прадукцыю па чыгунцы ўпершыню эскпартаваў і Старобінскі торфабрыкетны завод.

Ажыццяўляе станцыя таксама і пасажырскія перавозкі. Па словах Паўла Анатольевіча, пэўныя карэктывы ў мінулым годзе ўнесла пандэмія. Зараз назіраецца рост пасажырапатоку.

Для зручнасці пасажыраў

У чацвёртым квартале гэтага года на станцыі плануюць устанавіць тэрмінал, па якім можна будзе набыць білеты на праезд не толькі па банкаўскай пластыкавай картцы, але і  за наяўныя грошы. З красавіка гэтага года адноўлены пасажыраперавозкі з Расіяй. Цяпер замест пасажырскага цягніка «Магілёў – Салігорск» з прычапнымі вагонамі пасажырам прапаноўваецца скарыстацца паслугамі цягніка рэгіянальных  ліній бізнес-класа  «Магілёў – Салігорск». Гэта новы рухомы састаў на 92 месцы. Аднак калі ў выхадныя дні пасажырапаток узрастае, яго змяняе больш умяшчальны цягнік.

Галоўнае  – бяспека

Калі раней  спецыяльны комплекс  правяраў толькі стан рэльсаў, то зараз па чыгунцы пачаў курсіраваць, у тым ліку і па станцыі «Слуцк», новы дыягнастычны комплекс, які выконвае шэраг  іншых задач, звязаных  з вытворчай дыягностыкай: праверка кантактнасці сетак, дыягностыка радыёсувязі і работы прыбораў сігналізацыі, цэнтралізацыі і блакіроўкі.

– На перспектыву плануем сумесна з «Белтэлекамам» правесці мерапрыемствы па абсталяванні станцыі «Слуцк» сістэмай відэаназірання, – дзеліцца начальнік станцыі. – Работы плануем правесці таксама ў чацвёртым квартале гэтага года.

Шмат для бяспекі на чыгунцы робяць і работнікі станцыі.

– Наша задача – своечасова выявіць няспраўнасці вагонаў, падрамантаваць іх, а калі патрэбна, накіраваць на больш значны рамонт, які ажыццяўляецца на асобных чыгуначных пуцях, – расказвае пра сваю працу аглядчык і рамонтнік вагонаў Павел Чыжэўскі. Ён на чыгунцы працуе трэці год, гаворыць, што не шкадуе, што прыйшоў сюды. Многаму навучыўся на месцы, тут яго сустрэў дружны калектыў.

Наш гонар – людзі

На станцыі працуюць 160 чалавек. Па словах кіраўніка станцыі, гэта людзі, адданыя справе, якія арыентаваны на агульны поспех, любяць яе. Так, за добрасумленную працу ў гэтым годзе да ўзнагароды «Выдатнік Беларускай чыгункі» прадстаўлена начальнік станцыйнага тэхналагічнага цэнтра Вольга Нікалаева, а фотаздымак інжынера-тэхнолага Алены Першынай будзе змешчаны на Дошцы гонару Магілёўскага аддзялення Беларускай чыгункі. Шмат работнікаў адзначаны граматамі і падзякамі за працу з нагоды 105-годдзя з дня заснавання станцыі.

У гэтым годзе спаўняецца 105 гадоў з дня заснавання чыгуначнай станцыі
«Слуцк» РУП «Магілёўскае аддзяленне Беларускай чыгункі».


Больш за 20 гадоў на чыгуначнай станцыі працуюць аператары станцыйнага тэхналагічнага цэнтра Анжэла Храмцова і Марына Пархоменка. У іх службовыя абавязкі ўваходзіць фарміраванне і адпраўленне цягнікоў, выдача суправаджальнай дакументацыі.

– Мы ганарымся сваімі работнікамі і даражым кожным. На жаль, пасля перанесенага кавіда некаторыя з работнікаў не здолелі працягваць працаваць, – адзначае кіраўнік. – Таму настойліва прапаноўваем  нашым работнікам наведаць санаторый, які функцыянуе пры Магілёўскім аддзяленні Беларускай чыгункі. З пачатку гэтага года там паправілі здароўе каля 30 нашых работнікаў.

З надыходзячым святам, калегі, дарагія ветэраны! Зычу вам моцнага здароўя, поспехаў у працы і асабістым жыцці.

Наталля ГРАМЫКА.

Похожие записи