1 верасня за парты селі больш за 9 тысяч юных случчан

Прыгожы дзень: сонечны пачатак восені і новага навучальнага года, расфарбаваны кветкамі, паветранымі шарамі, падарункамі  і самымі рознымі яркімі эмоцыямі першаклашак і выпускнікоў, іх бацькоў і настаўнікаў. 
У Дзень ведаў школы Случчыны наведалі  прадстаўнікі органаў дзяржаўнай улады. 
На ўрачыстай лінейцы ў Гацукоўскай сярэдняй школе пабываў Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Леанід Канстанцінавіч Заяц. У Год малой радзімы міністр наведаў родную школу, якую скончыў у 1976 годзе.
Таксама сярод пачэсных гасцей былі старшыня Слуцкага райвыканкама Андрэй Уладзіслававіч Янчэўскі, намеснік начальніка галоўнага эканамічнага ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Святлана Аляксандраўна Скалабан (выпускніца школы 1998 года), начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі, навукі і кадраў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Уладзімір Аляксеевіч Самсановіч і іншыя.
Павіншаваў школьнікаў, настаўнікаў і гасцей дырэктар школы Віталій Вячаслававіч Груша. Старшыня Слуцкага райвыканкама А.У. Янчэўскі пажадаў новых поспехаў і перамог. Падарунак для школы – тэлевізар. Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Л.К. Заяц вітаў землякоў, павіншаваў з Днём ведаў: 
– Я з вялікім задавальненнем удзельнічаю ў гэтай урачыстасці. Прыемна адзначыць, як змянілася Гацукоўская школа. Гэта заслуга педагогаў і вучняў. 
Веды неабходныя для далейшага росту эканомікі нашай дзяржавы. Для першаклашак сёння адкрываецца вельмі цікавае, яркае жыццё. Для выпускнікоў гэты год вызначальны: трэба выбраць прафесію, каб быць карыснымі радзіме і сабе. Будучыня краіны ў вашых руках. Рабіце стаўку на свой розум, талент. Самаўдасканальвайцеся, больш чытайце, выхоўвайце ў сабе працавітасць. 
Леанід Канстанцінавіч падзякаваў настаўнікам школы, якія працуюць і працавалі, адзначыў, што на іх плячах вялікая адказнасць – даваць веды і выхоўваць юных грамадзян. Роднай школе міністр падарыў мультымедыйную ўстаноўку, за шматгадовую паспяховую добрасумленную працу ўручыў Ганаровую грамату Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Людміле Мікалаеўне Скалабан, былому дырэктару школы (цяпер настаўнік геаграфіі), падзякамі Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь адзначаны настаўнікі школы Жанна Уладзіміраўна Пятніца, Ірына Сяргееўна Касцецкая, Анжэла Вітосаўна Цярэня. Павіншавалі прысутных таксама былыя выпускнікі Гацукоўскай СШ Уладзімір Іванавіч Чэчка, старшыня Гацукоўскага сельвыканкама, і Уладзімір Анатольевіч Крыжаноўскі, дырэктар СГФ «Крывая Града» ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат». Прадстаўнік шэфскай арганізацыі, Слуцкай ЖКГ, Віктар Іванавіч Гаркавы перадаў падарунак школе – тэлевізар.
…Празвінеў першы ў гэтым навучальным годзе званок, першаклашкі ў суправаджэнні выпускнікоў, а за імі і ўсе вучні адправіліся на першы ўрок «Мне выпала шчасце тут нарадзіцца». Радаснай дарогі ў краіну ведаў!
Настаўнікаў і вучняў сярэдняй школы №5 з Днём ведаў і пачаткам навучальнага года  віншаваў намеснік міністра па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь Уладзімір Валер’евіч Муквіч (выпускнік слуцкай гімназіі №1 г. Слуцка). Ён уручыў першакласнікам кнігі «Беларусь – наша Радзіма» і «Дзецям пра падаткі».
Ірына ВЕЧАР.

Похожие записи