Усё часцей у наш час жанчыны выбіраюць прафесіі, якія спрадвеку лічыліся мужчынскімі
Карэспандэнт «Слуцкага краю» даведалася ў інспектара інспекцыі па справах непаўналетніх аддзела ўнутраных спраў Слуцкага райвыканкама Паліны Сцяпанаўны Гушчэні, як служыцца прыгожай дзяўчыне ў міліцыі.
Паліна закончыла Магілёўскі інстытут Міністэрства ўнутраных спраў. Прафесію міліцыянера дзяўчына абрала ўсвядомлена, да паступлення ў ВНУ скончыла Мінскае абласное кадэцкае вучылішча. Пасля прафарыентацыйнай сустрэчы з супрацоўнікамі Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў сумненняў не засталося.
У Слуцкім РАУС Паліна Гушчэня працуе са жніўня 2018 года і ўжо зарэкамендавала сябе як выдатны спецыяліст.
– Як праходзіць ваш працоўны дзень?
– Я працую з абавязанымі асобамі, бацькамі, якія не выконваюць свае абавязкі па выхаванні дзяцей, пазбаўленыя бацькоўскіх правоў, сачу за тым, каб яны працавалі, кампенсавалі сродкі на ўтрыманне сваіх дзяцей дзяржавай, дапамагаю некаторым з іх з працаўладкаваннем, – расказвае пра сваю работу інспектар. – Таксама я працую з сем’ямі і непаўналетнімі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Як і ўсе міліцыянеры, пры неабходнасці выконваю задачы па ахове грамадскага правапарадку.
– Каб паспяхова спраўляцца з работай у міліцыі трэба…
– Я думаю, трэба быць стрэсаўстойлівым, у некаторай ступені псіхолагам, быць падрыхтаваным дзейнічаць у экстраных сітуацыях, любіць сваю работу і людзей. І, вядома, важна быць спецыялістам у той вузкай вобласці, у якой працуеш.
– Ці адчуваеце перадузятыя адносіны з боку калег-мужчын?
– Мне пашанцавала з калектывам, я заўсёды адчуваю падтрымку сваіх калег, яны ставяцца да нас, дзяўчын, з клопатам і ўвагай, падстаўляюць моцнае плячо. Але пры гэтым «халявіць» мы нават і не думаем, бо ў першую чаргу мы – супрацоўнікі міліцыі, а ўжо потым дзяўчаты. У калектыве няма нейкіх перадузятасцей, мы ўсе настроеныя на вынік у працы, разам робім агульную справу.
– Раскажыце пра плюсы вашай прафесіі, што вам у ёй падабаецца?
– Плюсы службы ў міліцыі ўсім вядомыя – гэта поўны сацыяльны пакет, стабільны заробак, а галоўнае – разуменне таго, што твая работа прыносіць карысць грамадству. Прыемна, калі ўсё атрымліваецца і людзі кажуць дзякуй за тое, што дапамагла, падказала, накіравала. У асноўным гэта тычыцца сем’яў, у якіх часова адабралі дзяцей. Калі дзіця вярнулі бацькам, з’яўляецца стымул працаваць і спрабаваць зноў і зноў дастукацца нават да тых, хто спачатку не чуе цябе.
Але галоўнае, я лічу, трэба шчыра любіць тое, чым займаешся.
Ірына МАЛЯЎКА.