Творчыя, актыўныя, пазітыўныя работнікі працуюць на прадпрыемствах і ў арганізацыях Случчыны. Гэта яны пацвердзілі падчас другога раённага конкурсу прафесій «Мой выбар».
Знаёмцеся з удзельнікамі конкурсу: спецыяліст па продажы ААТ «Слуцкі хлебазавод» Ірына Леанідаўна Лістапад, кіраўнік харэаграфічнага калектыву «Тузаняты» ДУК «Слуцкі гарадскі цэнтр традыцыйнай культуры» Таццяна Сяргееўна Савіч, майстар ДУП «Слуцкае прадпрыемства меліярацыйных сістэм» Уладзімір Вітальевіч Рэут, эканаміст філіяла «Слуцкія электрычныя сеткі» РУП «Мінскэнерга» Кацярына Юр’еўна Рудава, майстар мясаперапрацоўчага цэха ААТ «Слуцкі мясакамбінат» Анастасія Дзмітрыеўна Новікава.
Падчас візітнай карткі кожны ўдзельнік расказаў пра сябе, свае захапленні і выбар сваёй прафесіі. А паспрабуйце растлумачыць слова так, каб іншыя зразумелі, пра што ідзе гаворка. Анастасія Новікава лепш за іншых справілася з заданнем «Зразумей мяне». Падчас творчага конкурсу «Мы маладыя, шчаслівыя, таленавітыя» Ірына Лістапад гатавала пячэнне, сярод інгрэдыентаў якога былі многа ласкавых слоў, любоў, шанцаванне, натхненне… Хіба гэта пячэнне можа быць нясмачным, калі прыгатавана з душой? Таццяна Савіч станцавала, Кацярына Рудава і Анастасія Новікава цудоўна выканалі песні, а Уладзімір Рэут прачытаў верш пра прафесію меліяратара. Кожны з канкурсантаў стараўся, хваляваўся…
Дадатковыя балы прынеслі ім групы падтрымкі. Маленькія пекары з хлебазавода і работнікі прадпрыемства горача падтрымлівалі Ірыну Лістапад, творчы калектыў цэнтра традыцыйнай культуры і праспяваў, і станцаваў у падтрымку Таццяны. А ўжо як танцавалі работнікі мясакамбіната і электрычных сетак, гэта трэба было бачыць. Работнікі прадпрыемства меліярацыйных сістэм перакананы, што іх Уладзімір – лепшы. Ён прымае актыўны ўдзел у грамадскім жыцці арганізацыі, вядзе здаровы лад жыцця, захапляецца разьбой па дрэве. На Случчыну ён прыехаў разам з дзяўчынай, з якой потым ажаніўся, і зараз маладая сям’я выхоўвае дачушку.
Па выніках конкурсу першае месца заняла Анастасія Новікава, другое – Таццяна Савіч і трэцяе – Кацярына Рудава. Усе канкурсанты атрымалі падарункі ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Слуцкага райвыканкама. Пераможцы – дыпломы, а Анастасія Новікава ў дадатак адзначана бясплатнай падпіскай на газету «Слуцкі край».
– Авалодаць эмоцыямі было складана. Сур’ёзная канкурэнцыя, – дзеліцца ўражаннямі Анастасія. – Прыемна быць у ліку лідараў, гэта мая першая перамога, спадзяюся, не апошняя.
Анастасія працуе на мясакамбінаце толькі тры месяцы і ўжо добра сябе зарэкамендавала. Малады спецыяліст задаволена работай, яе добра прынялі на прадпрыемстве, добры калектыў. А яшчэ Анастасія спявае ў народным хоры «Слуцкі пачастунак».
Ірына КАВАЛЕНКА.