І.С. Пруднік і М.В. Латоўчыц


Пасяўная – на фінішы, пачалася нарыхтоўка кармоў. Перад сельгасарганізацыямі стаіць важная задача – без страт у сціслыя тэрміны ўбраць травы першага ўкосу, тым самым стварыць надзейную кармавую базу. Над выкананнем гэтай задачы і працуюць працаўнікі гаспадарак раёна.

 
А.А. Шушкевіч
Травы неабходна ўбраць на плошчы 22 500 гектараў. Па стане на 16 мая ў  Слуцкім раёне травы скошаны на 3 331 гектары (15% да неабходнага), з іх  2 936 гектараў – люцэрна. Найбольш – у сельскагаспадарчым філіяле ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат» (390 га), ААТ «Вясейскі Пакроў» (385 га). Скошаныя травы ўбраны на 45% неабходнай плошчы. Нарыхтавана травяністых кармоў 2 829 тон кармавых адзінак, на ўмоўную галаву жывёлы – 0,45 цэнтнера кармавых адзінак. Больш за іншых нарыхтавалі ў філіяле «Падсобная сельская гаспадарка» ААТ «Слуцкі мясакамбінат» (1,54 ц.к.адз.), ААТ «Вясейскі Пакроў» (1,11 ц.к.адз.). У раёне назапашваюць сянаж, у тым ліку ў стрэтч-плёнку ўжо нарыхтоўваюць у ААТ «Аграфірма «Лучнікі», «Падлессе-2003», «Вітка-Агра», «Слуцкая Ніва», сельскагаспадарчым філіяле «Агра-Замосце» ААТ «Слуцкі камбінат хлебапрадуктаў». 
Начальнік філіяла «Падсобная сельская гаспадарка» ААТ «Слуцкі мясакамбінат»  Сяргей Аляксеевіч Варона адзначыў, што без надзейнай кармавой базы не будзе ні прадукцыі жывёлагадоўлі, ні даходаў гаспадаркі, таму ў гэтыя адказныя дні намаганні накіраваны на зялёнае жніво. 
Цяпер у асноўным нарыхтоўваюць сянаж. Скошаныя травы стараюцца як мага хутчэй прыбраць. На палях працуюць корманарыхтоўчы камбайн, касілка, граблі, задзейнічана тэхніка на адвозцы травы, прасаванні. Прастойваць цяпер проста немагчыма – кожная хвіліна каштоўная. Работы па корманарыхтоўцы ідуць у строгай паслядоўнасці, з захаваннем усіх тэхналагічных патрабаванняў. 
– У падсобнай гаспадарцы пад корманарыхтоўку адведзена 461 гектар лугавых траў, 670 гектараў мнагалетніх, з іх 580 гектараў люцэрны і 90 канюшыны. З траў першага ўкосу плануем нарыхтаваць 9 тысяч тон сенажу, 700 тон сена, – расказвае С.А. Варона. – Зараз нарыхтоўваем сянаж з бабовых траў і люцэрны. Плануем атрымаць высакаякасныя кармы. Травы патрабуюць жорсткага выканання тэхналогіі. Галоўнае не прапусціць аптымальную фазу, калі ў траве назапашваецца максімальная колькасць пажыўных рэчываў. 
Зялёную масу закладваюць у траншэі. Усяго ў гаспадарцы 17 сіласна-сянажных траншэй, сёлета пабудуюць яшчэ тры, расказаў галоўны аграном філіяла Анатолій Леанідавіч Новік.
Для занятых на корманарыхтоўцы ў сельгасарганізацыі распрацаваны ўмовы працоўнага спаборніцтва, наладжана харчаванне механізатараў. 
Старанна працуюць на нарыхтоўцы кармоў Дзмітрый Аляксандравіч Мяцельскі, Мікалай Васільевіч Латоўчыц, Ілья Сяргеевіч Пруднік, Аляксандр Анатольевіч Шушкевіч і іншыя. Дзмітрый Аляксандравіч Мяцельскі падбірае і здрабняе зялёную масу. Ён адказны, старанны працаўнік, заўсёды сумленна ставіцца да выканання сваіх абавязкаў. На розных работах задзейнічаны Мікалай Васільевіч Латоўчыц. Яго трактар на рамонце, а каб не сядзець без справы, падмяняе механізатара на зграбанні зялёнай масы.
Першы ўкос патрабуе высокай арганізаванасці і тэмпаў, бо скасіць травы неабходна за 10 – 12 дзён. Менавіта такая задача была пастаўлена перад аграрыямі вобласці на нядаўнім семінары, які прайшоў на базе Слуцкага раёна.
Ірына КАВАЛЕНКА.

Похожие записи