СОН
Пасядзі, матулечка, са мною.
Хоць у сне кароценькім прыдзі.
Усміхніся шчырасцю сваёю,
Да шчакі далонь мне прыкладзі.
Прыгадаем памятныя даты.
Часта так сядзелі мы с табой.
Стала ў хаце ўжо халаднавата,-
Восень гаспадарыць. Лістабой.
Я прысню і так мне лёгка стане,
Быццам рана ў сэрцы зажыла.
Мне б даўжэй пабыць у тым падмане.
Мама…
Дзе ж ты?
Раніца прыйшла.

ЗА РОДНЫ КРАЙ
Сустрэла перамога на мяжы
Паміж жыццём і смерцю, сном і болем.
Здаецца, паміраў ён, але жыў
І трызніў, што пяе жаўрук над полем.
Над выгаралым полем, дзе чарней
Ад сажы жыта ў месіве крывавым.
Над лугавінай, дзе малых дзяцей
Расой аплачуць стоптаныя травы.
Смяяўся, плакаў, песню ўспамінаў,
Што абарвалася ў баі смяротным.
– Яшчэ мы паваюем, старына, –
Шаптаў праз боль яму ў шпіталі ротны, –
За песню жаўрука, за родны край,
За светлую дзіцячую ўсмешку,
За ноч і дзень, і спелы каравай,
І кожную травінку на ўзмежку,
Узараную разорамі маршчын
Стамлёнасць і цяпло рук мацярынскіх,
Каб жыць далей і помніць, берагчы
Свет мірнага, шчаслівага дзяцінства.

НІЗКІ ПАКЛОН РАДЗІМЕ

Многа сказана слоў, многа шчырых напісана вершаў
Не пяром, а душою.
А колькі яшчэ адбаліць,
Адпяе, адсвяткуе.
Ды помніцца той, самы першы,
Пра пяшчоту матуліных рук, што ў свет прывялі.
Ад бруснічных бароў і да студзеньскіх зорак высокіх.
Ад бярозавых кос і да восеньскай шчодрай пары
Я ўвабрала любоў з прахалодай гаючага соку
Да пявучага краю, дзе лепшыя ў свеце майстры.
Дзе Мулявіна голас у нізкім паклоне Радзіме
Ад усіх, хто на ўзлёце заўчасна струну абарваў.
Песні лечаць душу.
Да вясны ўсяго паўгадзіны.
Толькі ён не дажыў, не дамроіў і не даспяваў.

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие записи