Галоўны аграном ільнозавода Вольга Рылач.
Якасць яго радуе спецыялістаў. Можна разлічваць на добры эканамічны эфект, кажуць яны, паколькі першапачатковае значэнне мае якасць сыравіны.
Калі ў мінулым годзе было многа палегліцы, то сёлета яе практычна няма, таму варта правесці работы па церабленні культуры як мага хутчэй. Праўда ёсць і некаторыя мінусы таго, што стаяць спякотныя дні. Вылежка трасты патрабуе менш часу, калі ў паветры ёсць вільготнасць. А яе зараз недастаткова. Таму, па меркаваннях спецыялістаў, вылежка трасты можа зацягнуцца з 20 да 40 дзён.
– Аднак на загружанасць камбіната гэта не паўплывае, – сцвярджае дырэктар Віктар Арэстовіч. – З мінулагодняга ўраджаю ў нас засталося 3,5 тысячы тон трасты. Таму сёлета пасяўныя плошчы былі зменшаны амаль на чвэрць. Плануем сабраць каля 11 – 12 тысяч тон трасты, якой хопіць (з улікам астаткаў) для поўнай загрузкі завода да новага ўраджаю.
У гэтым годзе лён вырошчвалі ў трох раёнах: Слуцкім, Салігорскім і Капыльскім. Усяго пад яго адведзена 3 057 гектараў. У параўнанні з мінулымі гадамі значна зменшылася аддаленасць палеткаў, дзе вырошчваецца культура, ад прадпрыемства, што спрыяе меншай затратнасці пры яе сяўбе, апрацоўцы і ўборцы. Дарэчы, як адзначаюць спецыялісты, лепш за ўсё лён урадзіў у нашым раёне. Зараз яго цярэбяць каля Казловіч і ў Капыльскім раёне.
Механізатараў, занятых на церабленні льну, два разы на дзень забяспечваюць харчаваннем, 70 працэнтаў якога аплачвае завод. Сюды ж, на поле, дастаўляецца і паліва для тэхнікі, на ўскрайку яго размяшчаецца перасоўны рамонтны пункт.
Праца наладжана як след. Заканчваецца церабленне льну на зелянец – разам з галоўкамі, якія будуць ачэсваць пасля вылежкі і пад’ёму на заводзе. Так плануюць убраць 30 працэнтаў плошчаў, што дасць магчымасць раней паставіць трасту на перапрацоўку.
– Са льну, што расце на астатніх 70 працэнтах палеткаў, важна сабраць насенне, каб забяспечыць ім прадпрыемства на наступны год, – заўважае Віктар Арэстовіч. – Вырошчваем раннія, сярэдне- і познеспелыя сарты льну, прычым каля 85 працэнтаў плошчаў засяваем насеннем айчынных гатункаў.
Вырасціць добры ўраджай, своечасова яго ўбраць і перапрацаваць – асаблівая задача. Ад гэтага залежыць эканоміка прадпрыемства, бо чым лепшая траста, тым больш высоканумарное валакно. А значыць – канкурэнтаздольнае на рынку. У гэтым годзе мы пастаўляем сваю прадукцыю на экспарт у Кітай, Расію, В’етнам, Літву і Чэхію. Дарэчы, у мінулым годзе ў Кітай мы пастаўлялі 80% ад усяго экспарту прадукцыі. У сувязі з каронавірусам сёлета гэта краіна зменшыла закупкі нашай прадукцыі. Таму зараз асабліва востра стаіць задача атрымаць высакаякаснае валакно, якое будзе запатрабавана на ўнутраным рынку, пашыраць геаграфію экспарту.
Наталля ГРАМЫКА.