С.М. Каляда і С.М. Савановіч.

Пад кукурузу на Міншчыне ў гэтым годзе адведзены 249 203 гектары сельгасугоддзяў. Найбольшыя ў вобласці плошчы пад гэту культуру – на Случчыне (21 891 гектар). У нашым раёне  добрыя тэмпы ўборкі кукурузы: на 21 кастрычніка ўбрана 77%  адведзеных плошчаў пры агульнаабласным паказчыку – 75%. Толькі за мінулы дзень аграрыі Случчыны ўбралі кукурузу  з плошчы 324 гектары.

Убіраюць кукурузу на зерне, сілас і зялёны корм. Лепшыя палеткі ўбіраюць, зразумела, на зерне. Так, у нашым раёне на гэтыя мэты адвялі 4 888 гектараў. Пры ўраджайнасці 81 ц/га намалочана 14 597 тон зерня. Убрана 37%  адведзеных плошчаў.

Па стане на 21 кастрычніка, найлепшая ўраджайнасць кукурузы на зерне ў ААТ «Падлессе-2003» (115 ц/га), «Аграфірма «Лучнікі», «Вітка-Агра», сельскагаспадарчым філіяле ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат», эксперыментальнай базе «Танежыцы» (па 100 ц/га).

– Як і планавалі, у гэтым годзе 300 гектараў кукурузы адвялі на зерне. Ужо ўбралі больш паловы такіх плошчаў, намалацілі 1 600 тон зерня. У лік дзяржзаказу здалі 70 тон. Думаю, што да канца ўборкі ўраджайнасць гэтай культуры будзе больш мінулагодняй – за 120 ц/га, – расказаў выконваючы абавязкі галоўнага агранома ААТ «Аграфірма «Лучнікі» Сяргей Міхайлавіч Савановіч. – Праз тыдзень плануем завяршыць уборку кукурузы на сілас і зялёны корм. Зялёную масу закладваем у траншэі. А найбольш вільготнае зерне – плюшчым. Такія кармы дазваляюць палепшыць рацыён кармлення для буйной рагатай жывёлы, павялічыць вытворчасць малака.

Да 7 лістапада плануем убраць і кукурузу на зерне. Дапрацоўваем яго на зернесушыльна-ачышчальным комплексе ў Лучніках. Потым захоўваем зерне на складзе. Мелем на муку, дабаўляем у камбікармы, што павышае іх энергетычную каштоўнасць.

Сяргей Міхайлавіч адзначыў, што кукуруза – культура эканамічна выгадная. Калі раней  перавагу аддавалі гатункам замежнай селекцыі, то ў апошнія гады ўсе часцей схіляюцца да айчынных. Калі ў аптымальныя тэрміны правесці і хімапрацоўкі, і падкормкі гэтай культуры мінеральнымі ўгнаеннямі, то і айчынныя гатункі дадуць не горшы ўраджай. Ды і насенне таннейшае.

Л.У. Гаўрыловіч.

– Наш зернесушыльна-ачышчальны комплекс працуе кругласутачна, – расказвае аператар Леанід Уладзіміравіч Гаўрыловіч. – Зараз дажджы і туманы, таму вільготнасць зерня вышэй. Чакаем больш «сушэйшага» надвор’я. Тады і затрат на сушэнне зерня менш. Дапрацоўваем зерне да вільготнасці 13,5 – 14%.

Пры поўнай загружанасці за суткі тут здольны дапрацаваць 150 тон зерня кукурузы.

Каля дзесяці гадоў заатэхнікам у гаспадарцы працуе Сяргей Мікалаевіч Каляда. І вось ужо сёмы сезон на жніве. Сёлета ён намалаціў 1,5 тысячы тон збожжа, удзельнічаў у  абласных «Дажынках» у Чэрвені. На ўборцы кукурузы – толькі першы сезон. Гаворыць, што ўраджай радуе, ды праца ў полі прыцягвае. Намалаціў каля 700 тон кукурузы, і гэта – не мяжа, сцвяржае, бо ўборка царыцы палёў працягваецца.

Наталля ГРАМЫКА.

Похожие записи