У калекцыі ветэрана працы Наталлі Сыцько 80 уласнавышытых ручнікоў, майстрыха марыць стварыць як мінімум яшчэ 20.

– Ну пенсія, ну і што, – усміхаецца Наталля Іванаўна. – Калі ёсць любімы занятак, захапленне, яна не страшная. Я, калі займаюся вышываннем, проста акрыленая, душа радуецца і нават самаадчуванне паляпшаецца.

У маладым узросце Наталля Іванаўна прыехала ў Слуцк з Мінска – за мужам, працавала інжынерам на заводзе «Эмальпасуда», потым – на камбінаце хлебапрадуктаў. Яе працоўны стаж складае больш за 40 гадоў.

Жыццёвы шлях гэтай жанчыны, бадай, як і кожнага чалавека, рознакаляровы. Ёсць там светлыя, шчаслівыя фарбы, ёсць і змрочныя. Але Наталля Іванаўна аптыміст, гаворыць, інакш нельга – аптымісты больш жывуць. У яе сапраўды выдатнае пачуццё гумару, тонкая іронія і сваё бачанне свету. Жанчына шчаслівая сваімі дзецьмі – двума сынамі і дзвюма прыёмнымі дочкамі, якія для Наталлі Іванаўны сталі роднымі. А яшчэ ў яе чатыры ўнукі і дзве ўнучкі – асаблівая радасць жанчыны. І, канечне, яе захапленне – вышыванне ручнікоў у нацыянальным стылі.

– Займаюся вышыўкай толькі ручнікоў і сурвэтак, так мне на душу легла, – гаворыць Наталля Іванаўна. – Трэба былі ручнікі на вяселле сына, а з грашыма аказалася цяжкавата. Вось я і вырашыла вышыць ручнікі сама. У свой час навучылася гэтаму рамяству ў надомніц з фабрыкі мастацкіх вырабаў. Вясельныя ручнікі атрымаліся прыгожымі і мне так спадабаўся гэты занятак! З 2004 года я і «падсела на іголку».

Мы вывесілі ўсе ручнікі і сурвэткі Наталлі Іванаўны на агароджы насупраць яе дома – атрымалася шматметровая імправізаваная выстава. Ах, якое хараство стварае гэта таленавітая жанчына: ручнікі вясельныя, сувенірныя, для праваслаўных рэлігійных абрадаў, сурвэткі настольныя. Прычым, кожны выраб мае свой адмысловы – непаўторны ўзор.

Наталля Іванаўна распавядае, што стварае ручнікі з беларускімі нацыянальнымі арнаментамі, якія сімвалізуюць асноўныя стыхіі, жыццё, сямейнае шчасце, здароўе, любоў і многія іншыя, важныя для чалавека, каштоўнасці. Узоры выкарыстоўвае з часопіса «Ксюша», але заўсёды іх творча дапрацоўвае, арыентуючыся на сваё бачанне твору, інакш ручнікі Наталлі Іванаўны не назавеш. Жанчына вышывае крыжыкам, ды як філігранна, на абаротным баку яе вырабаў – ні воднага вузельчыка, быццам машынная вышыўка.   

У адпаведнасці са старадаўнімі народнымі традыцыямі, дамінуючы колер узораў ручнікоў – чырвоны. Палатно для вышыўкі, якое выкарыстоўвае ўмеліца, – спецыяльная канва, што вырабляюць у Кобрыне. У сярэднім за год Наталля Іванаўна стварае 5 – 6 ручнікоў. Гэта вельмі карпатлівая справа, якая патрабуе асаблівай увагі, вытрымкі, навыкаў і, вядома, любві. Немалую частку сваіх вырабаў Наталля Іванаўна дорыць сябрам і знаёмым.

Наталля Сыцько – член аматарскага аб’яднання «Фантазія» Слуцкага гарадскога дома культуры, яе работы былі неаднаразова прадстаўлены на раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных выставах. Яна ўзнагароджана шматлікімі дыпломамі і граматамі, у тым ліку Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. Вырабы Наталлі Іванаўны ёсць у Расіі, Ізраілі, Швейцарыі, Германіі, Малдове.

 Нярэдка даводзіцца чуць пра адраджэнне народных рамёстваў, а я не згодна з гэтай фармуліроўкай, – гаворыць Наталля Іванаўна. – У тым сэнсе, што яны ёсць у нашым сучасным жыцці, трэба толькі далей развіваць і падтрымліваць гэты напрамак, актыўней прызвычайваць да нацыянальнай культуры моладзь. Мы, майстры народнай творчасці, гатовыя дзяліцца сваім вопытам, умельствам. Спадзяюся, пройдзе пандэмія, можна будзе часцей наведваць школы, магчыма, хтосьці з навучэнцаў па-сапраўднаму захопіцца нацыянальнай вышыўкай.

Зусім не хочацца развітвацца з гэтым незвычайным, цікавым чалавекам. Зноў закранаем «пенсіённую» тэму. Мая суразмоўца гарэзліва адзначае, што да ўсяго трэба ставіцца па-філасофску, і ў пенсіянера ёсць нямала пераваг: ён не падпарадкаваны начальніку, а яны бываюць розныя, выбірае справу па сілах і густу, мае зносіны з тымі людзьмі, якія яму падабаюцца, а не з тымі, з кім вымушаны гэта рабіць па абавязку.

Я пытаюся ў Наталлі Іванаўны пра шчасце…
– Шчасце – гэта калі не хочацца жыць наноў, – чую ў адказ. Згадзіцеся, адказ мудрага, глыбокага чалавека, вартага павагі.

Наталля СЕЛЯЗНЁВА.

Похожие записи