Работнікі кацельні №7 У.У. Ярмак, В.М. Касцюкевіч

Верасень пакуль цешыць цеплынёй і пяшчотай. І ўсё ж з кожным днём усё болей заўважаем прыкметы восені. Набліжаецца асабліва адказная пара для камунальшчыкаў – ацяпляльны сезон…
 
Як паведамілі ў Слуцкай жыллёва-камунальнай гаспадарцы, выкананы запланаваныя аб’ёмы работ па падрыхтоўцы да асенне-зімовага перыяду жылфонду горада, водаправоднай, кацельнай гаспадаркі. У тым ліку праведзены прафілактычны рамонт інжынерных сістэм ацяплення, цеплавых пунктаў шматпавярховак Слуцка (321 дом), рамонт стыкаў сценавых панэляў – 4 000 м пагонных. Выкананы рамонт дахаў дамоў агульнай плошчай 7 500 м2, бойлераў у некаторых дамах, рамонт і перакладка 1,1 кіламетра водаправодных сетак, рамонт шэрагу гідрантаў, 11 артэзіянскіх свідравін, 5 помпаў, прамыўка каналізацыйных сетак, многія іншыя работы.
Відавочна, найперш цікавіць падрыхтаванасць кацельнай гаспадаркі: ад гэтага залежыць цеплыня і ўтульнасць у кватэрах і памяшканнях у халодны час.

– Кацельні, якія знаходзяцца на балансе Слуцкай ЖКГ, а іх у нас 52 (16 – у Слуцку, 36 – у сельскай мясцовасці), падрыхтаваны да работы, – адзначае галоўны інжынер КУП «Слуцкая жыллёва-камунальная гаспадарка» Анатолій Фёдаравіч Мельнік. – На працягу шэрагу гадоў паэтапна праводзім мадэрнізацыю кацельняў, рамонт вытворчых, бытавых памяшканняў гэтых аб’ектаў – каб палепшыць умовы працы людзей, устаноўку  сучаснага, больш эфектыўнага, эканамічнага абсталявання. Найперш маюць у гэтым патрэбу «школьныя» кацельні ў сельскай мясцовасці. У мінулым годзе зрабілі замену і ўстаноўку катлоў на дзвюх кацельнях у Грэску, Лучніках, а таксама на кацельні №7, якая забяспечвае цяплом сярэднюю школу №4 у Слуцку. Сёлета ўстанавілі новыя вадагрэйныя катлы на кацельнях медкаледжа, у вёсках Амговічы і Знамя.

 

Начальнік участка ЖКГ Г.І. Братчэня

Майстар малых кацельняў М.Л. Нядзелька (кацельня в. Знамя)
У гэтым годзе звыш запланаванага замянілі цепласетак: іх заменена больш за 7 кіламетраў, у пераважнасці гнуткімі папярэдне ізаляванымі трубамі, у аграгарадках Вежы, Леніна, Мялешкі, Танежыцы, на вуліцах Леніна, Рэспубліканскай, Сацыялістычнай, Гастэлы, М. Багдановіча, Чэхава, 4-м Новым завулку ў Слуцку. Атрыманы пашпарты гатоўнасці да ацяпляльнага сезона аб’ектаў кацельнай гаспадаркі, аб’ектаў жылфонду. Відавочна, ёсць і  некаторыя праблемныя пытанні, стараемся іх вырашаць, аднак у цэлым сітуацыю з падрыхтоўкай да асенне-зімовага перыяду можна ацаніць станоўча.
Разам з начальнікам участка па рамонце і абслугоўванні кацельняў раёна Слуцкай жыллёва-камунальнай гаспадаркі Генадзіем Іванавічам Барачэнем я пабывала на некаторых кацельнях ЖКГ. Добрыя ўражанні, тым больш, што пра наш прыезд работнікаў кацельняў загадзя ніхто не папярэджваў. Як расказаў Генадзій Іванавіч, персанал кацельняў у пераважнасці сваёй вопытны, правераныя справай людзі, да сваёй работы ставяцца адказна. Большасць кацельняў у сельскай мясцовасці, некаторыя кацельні ў горадзе працуюць на мясцовых відах паліва, у асноўным на дрывах. Дастаўкай іх на кацельні з лясных угоддзяў займаецца спецыяльная брыгада Слуцкай ЖКГ. Па стане на 5 верасня ўжо нарыхтавана 24 800 м3 дроў, 542 тоны топачнага мазуту пры заданні 260 тон.

Амаль да верху запоўнены дрывамі сховішчы для паліва кацельні ў вёсцы Знамя – нарыхтавана драўнянага паліва 265 м3, можна сказаць, на ўвесь ацяпляльны сезон, расказаў майстар малых кацельняў ЖКГ Мікалай Леанідавіч Нядзелька. Кацельня з двума катламі забяспечвае цяплом будынкі мясцовай школы. У работах па замене аднаго з катлоў магутнасцю 200 кВт у гэтым годзе ўдзельнічалі работнікі кацельні Уладзімір Міхайлавіч Янцэвіч, Андрэй Мікалаевіч Бардзіян. А яшчэ адрамантавалі бытавыя памяшканні, устанавілі новую сантэхніку. Цяпер як дома – гавораць работнікі кацельні.

Усё гатова да ацяпляльнага перыяду і на кацельні ў аграгарадку Вясея: сховішча для паліва, быццам на карцінцы, запоўнена роўнымі радамі дроў; абсталяванне гатова да работы. Летам тут правялі яго аптымізацыю, устанавілі новую вентыляцыю, адрамантавалі падлогу і бытавыя пакоі. Не выклікае хваляванняў і кацельня №7 у Слуцку, куды мы таксама зазірнулі. Як адзначылі майстар малых кацельняў Анатолій Віктаравіч Есман, работнікі кацельні Віталій Міхайлавіч Касцюкевіч і Уладзімір Уладзіміравіч Ярмак, усталяваныя летась тры вадагрэйныя катлы КСТБ-95 у мінулы ацяпляльны сезон працавалі выдатна, летам праведзена іх ачыстка, рэгуліроўка, кацельня аснашчана агрэгатам хімводаачысткі. Зараз работнікі кацельні займаюцца распілоўкай і складзіраваннем дроў.
Зіма не любіць непаважлівых адносін. Што ж, спадзяёмся, сустрэча з ёй пройдзе для случчан без непрыемных сюрпрызаў і здарэнняў, у цяпле і камфорце – камунальшчыкі абяцаюць.
Наталля СЕЛЯЗНЁВА.

Похожие записи