З раніцы і да позняга вечара не сціхае тэхніка на палетках сельгасарганізацый раёна, шчыруюць руплівыя працаўнікі, убіраюць ураджай гэтага года, закладваюць падмурак пад будучы. Дзе старанная і напружаная праца, там і добрыя вынікі…
Актыўнымі тэмпамі вядуць работы па ўборцы кукурузы на сілас і зерне ў Слуцкім раёне. «Царыца палёў» ужо ўбрана на 14 011 гектарах. Сёлета яна займае 17 301 гектар, з якіх 3 862 гектары абмалоцяць на зерне.
У адкрытым акцыянерным таварыстве «Вясейскі Пакроў» ужо завяршылі ўборку кукурузы на сілас, на зерне ўбралі 60% неабходнай плошчы.
– Сярэдняя ўраджайнасць зерня кукурузы складае 70 цэнтнераў з гектара. Ужо намалацілі 1 881 тону, з іх 1 080 тон сплюшчылі і заклалі ў герметычныя рукавы, зімой будзем карміць жывёлу, астатняе – дапрацоўваем на зернеачышчальна-сушыльным комплексе. Кукуруза – адзін з самых спажыўных і карысных відаў корму, – адзначае галоўны аграном ААТ «Вясейскі Пакроў» Яўгеній Анатольевіч Кургановіч.
На ўборцы кукурузы задзейнічаны механізатары Мікалай Васільевіч Карцель і Сяргей Леанідавіч Масюкевіч. Яны паспяхова спраўляюцца з пастаўленымі задачамі.
Мікалай Васільевіч Карцель працуе ў сельгасарганізацыі больш за 25 гадоў.
– Дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся, – усміхаецца Мікалай Васільевіч. – Для нас зараз галоўнае, каб тэхніка не падводзіла ды надвор’е спрыяла. Зразумела, вялікая ўвага надаецца якасці работы. Стараемся…
У «Вясейскім Пакрове» назапасілі 21 120 тон сіласу з кукурузы (104% да запланаванага). У гаспадарцы прымаюць усе неабходныя меры, каб увайсці ў зімоўку з дастатковай колькасцю кармоў, якія пры гэтым будуць высакаякаснымі і збалансаванымі.
Вырошчваннем цукровых буракоў у ААТ «Вясейскі Пакроў» займаюцца не першы год, таму атрымліваюць добры ўраджай. Сёлета пад салодкія караняплоды ў гаспадарцы адведзена 508 гектараў, большую частку ўжо ўбралі – 405 гектараў.
На камбайне Холмер працуе Андрэй Мікалаевіч Коршак з памочнікам Уладзімірам Віктаравічам Кляўзам. Ураджайнасць цукровых буракоў сёлета ў гаспадарцы большая, чым летась, – 430 ц/га. На Слуцкі цукроварафінадны камбінат адправілі 14 210 тоны буракоў.
Таксама ў сельгасарганізацыі арганізаваны работы па ворыве глебы, узняцці зябліва, унясенні мінеральных угнаенняў пад ураджай наступнага года.
НА ЗДЫМКУ: Я.А. Кургановіч, М.В. Карцель.